Павел Севярынец: Прытомнасць нацыі — пачатак маральнай рэвалюцыі
Перадумовай пераменаў у Беларусі будзе толькі нацыянальная свядомасць.
Пах апалага лісця
Восень. Аблятае лісце. Вось і забываецца чарговы тыдзень беларускай нацыянальнай ганьбы. Мільёны людзей ішлі на «выбары», якіх не было; тысячы — арганізоўвалі фальсіфікацыі; толькі сотні — пратэставалі. Усе ўсё разумелі, але ўсё было прынята і беларусамі, і светам, на вялікі рахунак, як норма, піша Павел Севярынец на сайце «Наша Ніва».
Агульная апатыя пасля «выбараў» толькі абвастрае пытанне: як нам далей жыць з гэтым? Альбо — як нам з гэтым змагацца?
Пачну з глыбокага пераканання. Лукашэнка будзе над намі датуль, пакуль мы як нацыя, мы як апазіцыя, мы як асобы не будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за краіну. Сёлетняя восень паказала: не гатовыя. Як толькі будзем падрыхтаваныя — з’яднаныя, арганізаваныя, у духу, з праграмамі пераменаў аж да ўзроўню мясцовага самакіравання, — Бог нам гэтую ўладу дасць. Якім чынам — пытанне другаснае (развал Расеі, калапс эканомікі, палацавы пераварот і руйнаванне сістэмы, хвароба, Плошча, штосьці іншае, усё разам — у Бога шляхоў многа).
Праблема — у нас саміх. І ў млявым, абыякавым да жыцця грамадстве, і ў бяссілых дэмсілах, і ў нашых сэрцах.
Паўднёвы вецер
Пэўны час мне здавалася, што дастаткова правесці ў Беларусі масавую евангелізацыю, паставіць рубам пытанні веры — і ахопленае прагай дасканаласці грамадства стане і свядома беларускім, і маральна гатовым да рэформаў.
Але нядаўні досвед Украіны высвеціў адну вельмі істотную акалічнасць. Аказалася, што плёнам першага, бяскроўнага Майдану стаўся хіба што рывок нацыянальнага самаўсведамлення, а зусім не маральная рэвалюцыя. Штуршок украінізацыі адбыўся, рэвалюцыя сумлення — згасла.
Другі Майдан разам з крывёю Нябеснай сотні, расійскім нашэсцем і вайной пераадолеў раскол украінскай нацыі, надаў ёй цэласці — і зрабіў патрэбу маральнае рэвалюцыі аголеным, як адкрытая рана. Ідалы Леніна рухнулі. Цяпер ужо не палова — 80% жыхароў Украіны мае ўкраінскую свядомасць. І толькі цяпер украінцы з усенародным жахам зразумелі, якая прорва хлусні і карупцыі насамрэч у іх пад нагамі.
Толькі цяпер нацыя, якая ачомалася, адчула сябе саму, апрытомнела, адхаркалася крывёю вайны — зразумела: далей так жыць нельга.
Ключавым пунктам «Рэвалюцыі годнасці» стаўся той момант, калі крытычная маса насельнікаў Украіны адчула сябе ўкраінцамі.
Без нацыянальнай свядомасці маральная рэвалюцыя правальваецца. Спачатку свядомасць, потым жыццё па-новаму. Не наадварот.
Непрытомнасць асабістая і народная
Патлумачу на прыкладзе асобнага чалавека.
Калі чалавек не памятае сябе (непрытомнасць, сон, афект, сумятня), ён не можа пакаяцца, прыняць рашэнне змяніцца і, адпаведна, не можа пачаць жыць «з чыстага аркуша». Ён не ўсведамляе сябе. Не можа зрабіць асэнсаваны і адказны выбар. Першае, што патрэбна зрабіць — апрытомнець. Я — гэта я. Ачомацца. Хто я? Дзе я? Вольная воля працуе толькі ва ўмовах свядомага выбару, так стварыў чалавека Бог. Каб уладкавацца на новую працу, напісаць тэстамент або выбраць збавенне, я мушу быць у ясным розуме і цвёрдай памяці.
У выпадку з народам «ачомацца» — гэта значыць адчуць сябе нацыяй. Мы — гэта мы. Беларусы, нашчадкі ліцвінаў. Пакуль большасць насельнікаў не адчуе сябе адзінай нацыяй — яна не зможа ані асэнсаваць цяжкасць уласнага стану (1е месца ва ўжыванні алкаголю ў Еўропе, 3е знізу па ўзроўні заробкаў, адно з першых — у самагубствах, колькасці жанчынаў у турмах, разводах, і так далей), ані пакаяцца перад Богам, ані пайсці дарогаю выратавання.
А гэта значыць, што перадумовай пераменаў у Беларусі (якіх хочаце: рашучых ці мірных, маральнай, тэхналагічнай ці цывілізацыйнай рэвалюцыі) будзе толькі нацыянальная прытомнасць.
Ціхі нацыянальны прарыў
Што характэрна, беларуская моладзь пасля ўкраінскіх падзеяў масава забруіла нацыянальнай свядомасцю. Моўныя курсы, шматтысячныя беларускія канцэрты ў блізкім замежжы, вышыванкі і вышымайкі, «Пагоня» і футбольныя стадыёны. Уключыўся механізм нацыянальнага самазахавання.
Крэмль і савецкі рак у структурах рэжыму будуць з усяе сілы нішчыць і раз’ядаць нацыянальную прытомнасць, ставіць на ёй кляймо «фашызму». Бо гэта для іх — прадвесце канчатковай паразы. Беларускасць Беларусі будзе апошнім цвіком у труну Расейскай імперыі. Там гісторыю добра памятаюць і чаго баяцца — ведаюць.
А нашай найпершай задачай ёсць падрыхтоўка, выспельванне і абуджэнне ў народзе нацыянальнага пачуцця. Мова. Асвета. Гісторыя. Віктарыны. Вечарыны. Вандроўкі. Кнігі. Сацсеткі. Квэсты.
Ціхі нацыянальны прарыў.
Навошта дарога, якая не вядзе да Бога?
І першыя, хто пакліканы выйсці на шлях нацыянальнага прарыву, — цэрквы. Калі мы, хрысціяне, хочам бачыць новую Беларусь грунтаванай на праўдзе, свабодзе, справядлівасці, моцным маральным грунце — мусім працаваць у Адраджэнні найпершымі і найлепшымі.
Пакуль толькі дальнабачны Касцёл, грэка-каталіцкая царква і асобныя (рэдкія!) праваслаўныя ды пратэстанцкія супольнасці асэнсавалі сілу свядомасці. Дай Бог, каб іншым нашым хрысціянскім грамадам давялося прайсці курсы беларусізацыі не так, як праходзяць цяпер многія ўкраінскія цэрквы курс патрыятызму ўкраінскага — праз кроў добраахвотнікаў і прызыўнікоў, слёзы матуляў ды кругладзённыя, на каленях, малітвы за мір.
Пара працверазець. Братам праваслаўным. Братам пратэстантам. Беларуская нацыянальная свядомасць — вось ключ да ўсенародных маральных пераменаў. Адзін чалавек без Радзімы, сцяга і мовы пакаецца і да Бога прыйдзе. Цэлая Беларусь — не. Народнае пакаянне, абуджэнне, навяртанне і аздараўленне ў маштабах усёй краіны магчымае толькі ў выніку акунання ў купель нацыянальнай свядомасці.
Тым больш што яна, гэтая купель (ды і гэтая свядомасць), — сутнасна хрысціянская.
Бог даў чалавецтву розныя мовы, каб пазбегнуць вавілонскага стоўпатварэння. Бог прыйшоў у гэты свет праз адасоблены народ Ізраіля. Нарэшце, Бог даў беларусам унікальны хрысціянскі код — ад сімвалаў, бел-чырвона-белага сцяга Хрыста, «Пагоні» з крыжам Еўфрасінні, гімна «Магутны Божа» да ахвярнай, поўнай евангельскай святла і любові гісторыі.
Наш нацыянальны прарыў і наша нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску.