Арганізатараў акцый не запалохалі пратаколамі, цяпер імі спрабуюць палохаць удзельнікаў
Лукашэнка змяніў не толькі Канстытуцыю, але і незваротна паўплываў на ўсю гісторыю незалежнае Беларусі.
Роўна 19 гадоў таму адбыўся рэферэндум, які спыніў існаванне Вярхоўнага Савету і даў неабмежаваную ўладу Аляксандру Лукашэнку. На вуліцах Менску памяць пра гэтую падзею сёння адзначылі вулічным шэсцем. У «Гарачым каментары» адзін з арганізатараў акцыі Мікола Статкевіч.
«Я думаю, сабралася дастаткова людзей, каб даць сігнал беларускаму грамадству: баяцца не трэба!» – так палітык ацаніў колькасць людзей, якія ўзялі ўдзел у шэсці.
Таксама Мікола Статкевіч выказаўся і наконт пратаколаў, якія міліцыянты складалі ў адносінах да ўдзельнікаў акцыі:
«Яны складалі пратаколы не толькі на ўдзельнікаў акцыі, якія былі з сімволікай. Яны складалі пратаколы на журналістаў, на праваабаронцаў, якія былі ў адмысловых камізэльках. Пасля таго, як перайшлі на журналістаў, я ўжо сышоў, але падазраю, што пачалі складаць пратаколы адзін на другога – самі на сябе. Бо, мабыць, была пастаўленая задача скласці як мага большую колькасць пратаколаў. Каб людзі баяліся. Старая тактыка – запалохаць складаннем пратаколаў арганізатараў акцыі – не спрацавала. Спрабуюць запалохаць удзельнікаў».