Станіслаў Шушкевіч: Пуцін маніпулюе Лукашэнкам як хоча
Лукашэнка пры неабходнасці выканае ўсякі загад расейскага прэзідэнта.
У Екацярынбургу адкрыўся «Ельцын-цэнтр» – мемарыял памяці палітыка. На адкрыцці комплексу нашу краіну рэпрэзентаваў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. У інтэрв\’ю тэлеканалу «Белсат» палітык успамінае Барыса Ельцына, ягоныя стасункі з Беларуссю і Лукашэнкам, а таксама праводзіць паралелі паміж першым і цяперашнім прэзідэнтамі Расеі.
– Лукашэнку не запрашалі?
– Ходзяць чуткі, што запрашалі, але я пра гэта не ведаю. З тых, каго запрашалі, і хто не быў – гэта Юшчанка і Краўчук. Ад Украіны быў Кучма з жонкай.
– Чаму ў 2007 годзе на пахаванні Ельцына ад Беларусі наогул нікога не было?
– Я вельмі хацеў туды паехаць, і звязаўся з Мурашовым, які быў кіраўніком маскоўскай міліцыі ў свой час. Я спытаў, як я магу быць там бліжэй да цела? Ён сказаў, што гэта немагчыма рэалізаваць – толькі па афіцыйных дзяржаўных каналах. Па нашых дзяржаўных каналах я на гэта рэзлічваць не мог. А чаму не былі афіцыйныя прадстаўнікі нашай высока шанаванай кімсьці дзяржавы…
– Што гэта наогул за цэнтр?
– Той, хто бываў, напрыклад, у Штатах, або ў некаторых іншых краінах, ведае, што звычайна бывае нейкі мемарыял, прысвечаны прэзідэнту. У ЗША шмат такіх цэнтраў – напрыклад, цэнтр Вудра Вільсана, і там усё сабранае, звязанае з ім: праводзяць розныя даследаванні, ёсць бібліятэка, працоўныя залы. У Баку нядаўна адкрылі цэнтр, прысвечаны Гейдару Аліеву. Таму, у Расеі наважылі стварыць такі цэнтр на радзіме Ельцына, у Екацярынбургу, дзе ён быў першым сакратаром абкама.
– Хто фінансаваў стварэнне такога цэнтра?
– Знайшлося шмат спонсараў. Іх спіс змешчаны ў гэтым цэнтры, і пачынаецца ён з Хадаркоўскага, які ўклаў больш за ўсё грошай, а дзесьці на апошніх месцах, напрыклад, Дзмітрый Мядзведзеў. Гэты цэнтр зроблены на базе сучасных тэхналогій, і там можна разабрацца, кім быў Ельцын, што ён зрабіў, і можна прадоўжыць гэтыя гістарычныя разборы. Ёсць там выставы, галерэі, навучальныя памяшканні – гэта дазволіць сфармаваць грамадскую думку ў Расеі на тэму «кім быў Ельцын?»
– А ўрад садзейнічаў?
– У тым спісе былі толькі прыватныя асобы. Думаю, садзейнічаў – цэнтр адкрываў Пуцін, затым выступаў Мядзведзеў. Было прадэманстравана, што ўсе зацікаўленыя, каб такі цэнтр існаваў.
– Вы сказалі, што ў гэтым цэнтры няма ніводнай згадкі пра Лукашэнку – з чым гэта звязана?
– Цэнтр настолькі вялікі і разнастайны, што я мог і не заўважыць. Мы аглядалі ўсё самае галоўнае, што кідаецца ў вочы, дзе вадзілі гіды, і там я гэтага не ўбачыў. На вялікае маё здзіўленне, там я выявіў камп\’ютэрнае 3D-пераўтварэнне ўласнай персоны, і здзівіўся, як гэта выдатна зроблена.
– На мінулым тыдні ў Беларусі ўспаміналі рэферэндум-96 – а якая роля Ельцына ў тых падзеях?
– Няма там ніякай ельцынскай ролі. Рэферэндум 1996 года – гэта выхадкі Лукашэнкі з тым, каб парушыць Канстытуцыю і стаць дыктатарам. У Ельцына не было часу для таго, каб займацца справамі Беларусі. Беларусь стала незалежнай дзяржавай, да гэтага прыклаў руку Ельцын і далей ён меркаваў, што гэтыя пытанні трэба развязваць унутры Беларусі. І ў нас знайшоўся антыбеларускі чалавек. А Ельцына я ўважаю да гэтых спраў недатычным.
– Як цяпер у Расеі ацэньваюць ельцынскі час?
– Я мяркую, што больш правільнага, станоўчага і дэмакратычнага прэзідэнта ў Расеі не было, і наўрад ці будзе. Ельцын быў шчырым, імкнуўся да сапраўднага рэфармавання Расеі, паважаў суседзяў – я яму ўдзячны за подпіс Белавежскага пагаднення, якое прызнала Беларусь як незалежную дзяржаву. А ягоныя апошнія словы: «Беражыце Расею», мне здаецца, паказваюць, кім ён быў.
Але ёсць вельмі шмат нядобразычліўцаў, якія вельмі добра абгульваюць тыя моманты, калі Ельцыну даводзілася прымаць нетрывіяльныя пастановы. Напрыклад, у 1996 годзе ў Ельцына былі вельмі малыя шанцы на пераабранне. Ён меркаваў, што зможа мацней прыціснуць камуністаў, і што гэта будзе лепш, чым іх прыход да ўлады. І ён пайшоў на небяспечную прыватызацыю, якая дазваляе распараджацца алігархам. Але на ягоную думку гэта было лепш, чым калі б расхадзіліся камуністы.
Сёй-той прыпісвае яму, што ён бываў п\’яны, бываў несвядомы – так, гэта так, я быў сведкам. Але ніколі ў такіх выпадках ён не змяняў сваёй пастановы, і я быў таксама сведкам гэтага.
– Сёння ў Беларусі шмат гаворыцца пра тое, што расейскі ўрад мае віды на Беларусь як на частку нейкай сваёй імперыі – якім у гэтым плане быў Ельцын?
– Ельцын падпісаў Белавежскае пагадненне аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў. Упершыню з 1794 кіраўнік Расеі прызнаў незалежнасць Беларусі.
– А Пуцін не прызнае?
– Пуцін маніпулюе Лукашэнкам як хоча, бо ён падтрымлівае Лукашэнку коштамі нафты, газу, і іншымі – ён проста мае свайго сатрапа, які пры неабходнасці выканае ўсякі ягоны загад.
– Што Ельцын казаў пра Лукашэнку?
– Быў такі выпадак. У 96-м ці 95-м я сустрэўся з кіраўніком адміністрацыі Ельцына Чубайсам. Я яму кажу, што Лукашэнка так нядобразычліва, так непрыгожа адклікаецца аб Ельцыне, што ён ужо стары, нікуды не варты, як вы гэта церпіце? Ён адказвае, маўляў, вельмі проста, у нас няма часу разбірацца па сутнасці – мы сказалі Барысу Мікалаевічу, што ён цар, і хай не звяртае ўвагі на выхадкі правадыра дробнага племя.
– Кажуць, што ў тыя гады Лукашэнка хацеў узначаліць Саюзную дзяржаву…
– Прага ўлады ў яго заўсёды была. Ён ездзіў па рэгіёнах, прыкідваўся станоўчым чалавекам. Была паклёпніцкая кампанія Лукашэнкі, калі ён заявіў што ўсе ворагі Расеі – і ён адзін сябар. Была кампанія разам з прэм\’ер-міністрам Расеі, калі там у Смаленскай вобласці хтосьці ўначы ўкапаў памежны слуп, а яны яго выкапалі. Гэта быў цырк, канец свету і агітацыя.
– У параўнанні з Пуціным, якім быў Ельцын?
– Я нават раўняць не хачу – гэта абсалютна розныя людзі. Ельцын для мяне канцэнтрат годнасці, чалавечнасці і справядлівасці, а Пуцін – зусім наадварот. Так хлусіць, як хлусіць Пуцін, і пра Крым, і пра сепаратыстаў. Ельцын не хлусіў, а тым больш, публічна. Нават само адкрыццё мемарыяла кажа за сябе, калі Пуцін спазніўся на паўтары гадзіны. А там людзі былі сабраныя з усёй Расеі, з усяго свету. Годнасць прэзідэнтаў і каралёў – дакладнасць, чаго ў Пуціна няма.