Замест лістоў з волі Мікалай Статкевіч атрымлівае цыдулкі "Ліст не прайшоў цэнзуры"
Пра гэта паведаміў Леанід Гаравы, які перапісваецца з палітвязнем.
Ён распавёў, што атрымаў паштоўку ад Мікалая Статкевіча з паведамленнем, што мінулы ліст палітвязень не атрымаў – толькі пусты канверт з прышпіленай паперкай “Ліст не прайшоў цэнзуры”.
“Не ведаю, як з іншымі лістамі, але гэта прынамсі другі выпадак знішчэння маіх лістоў да Мікалая Статкевіча. Раней мой ліст быў знішчаны ў калоніі ў Шклове, цяпер у магілеўскай турме. У паштоўцы Мікалай Статкевіч выказвае меркаванне, чаму ліст быў знішчаны: таму, што ў ім была напісана праўда, якая “робіцца ўсё больш непрыемнай для тых, хто тут мяне трымае,” – распавёў Леанід Гаравы.
У Л.Гаравога захавалася копія ліста, адпраўленага з райцэнтру Гарадок, дзе ён жыве. Актывіст размясціў яе на мясцовым незалежным сайце, каб кожны мог пачытаць, якія звесткі кіраўніцтва магілёўскай турмы хавае ад палітвязня Статкевіча.