Актуальна

Мікалай Статкевіч: Галоўная задача – адваяваць прастору свабоды

Змена ўлады ў Беларусі адбудзецца праз масавыя вулічныя акцыі.

У інтэрв\’ю «Нашай Нiве» Мікалай Статкевіч распавёў, чаму ён мяркуе важным выводзіць людзей на вуліцу.

– Апошнімі месяцамі вы ходзіце на пікеты як на працу. А ці ёсць практычны сэнс у гэтых акцыях?

– У беларусаў не засталося іншага інструмента ўздзеяння на ўладу і сітуацыю, акрамя публічнай масавай актыўнасці. «Выбары» – гэта ўжо нават не проста тэатр, а тэатр кабукі, дзе кожны рух вывераны і прапісаны. За 5 папярэдніх гадоў у цэнтры Менска не было ні адной публічнай акцыі дэмсілаў. Гэта былі палітычныя могілках.

– А чаму так было?

– Стомленасць людзей, стомленасць кіраўнікоў дэмакратычных арганізацый. Людзі ж найперш пазбягаюць болю, непрыемнага. І калі адказам на акцыі з\’яўляюцца рэпрэсіі, то доўга гэта вытрымліваць здольныя нямногія. А гэтыя нешматлікія былі ў зняволенні. Пасадзілі некалькіх, іншыя здалі гэтую прастору свабоды. Астатнія проста пачалі пазбягаць болю і шукаць сабе зручную форму дзейнасці: у інтэрнэце і цёплых памяшканнях.

Другі момант – стан грамадства. Калі палохаюцца лідары, то грамадства палохаецца ў кубе. А за прастору свабоды пастаянна трэба змагацца. Я памятаю вулічную вайну за незалежнасць у другой палове 90-х, колькі даводзілася сядзець за магчымасць праводзіць акцыі ў цэнтры горада. Адседзеў 2 гады хіміі, выйшаў – далі нам Бангалор. Цяпер ужо тая плошчу Бангалор уважаецца за шчасце.

Таму першая задача – адваяваць гэтую прастору свабоды. Можна ствараць кааліцыі, будаваць планы, але як іх рэалізоўваць? Таму я пачаў выводзіць людзей. «Выбары» – зручны момант праводзіць акцыі з найменшымі стратамі. Затым санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі прыпынілі, што таксама дало магчымасць «акно магчымасцяў», пакуль надвор\’е было. Цяпер сезон акцый будзе спынены. Увесну будзем глядзець па сітуацыі.

– Зімой нічога не будзе?

– Можа быць, правядзем акцыі разам з прадпрымальнікамі, але гэта варта рабіць, толькі калі яны самі будуць гатовыя. Ідэя не мая, але добрая – ёсць у Адміністрацыі Лукашэнкі аддзел па прыёме грамадзян. І хай прадпрымальнікі напішуць звароты або заявы і ў адзін і той жа час прынясуць іх туды. Калі іх не прымуць там чыноўнікі, то я магу падысці. Але пакуль што я не бачу гатоўнасці з боку саміх прадпрымальнікаў да ўдзелу ў гэтым.

– Але ці адбываецца тое пашырэнне прасторы свабоды, калі на акцыі выходзіць менш за тысячу чалавек?

Адбываецца памяншэнне страху. Людзі пачынаюць успамінаць, што права на пратэст – нешта натуральнае. Тым больш могуць здарыцца драматычныя падзеі, тады вырашаць будуць людзі на вуліцы. Каб не апынулася так, што гатовыя да гэтага будуць толькі прыхільнікі «рускага свету».

Акцыя студэнтаў – гэта ў пэўнай ступені і мая заслуга. Калі б не было маіх акцый, не было б і гэтай.

– А чаму вы не выйшлі на імправізаванае шэсце пасля «выбараў»?

– Калі кандыдат не кліча людзей, то гэта проста акцыя годнасці. Мы сваю акцыю годнасці правялі 10-га. Дзень выбараў мы ігнаравалі прынцыпова, бо іх проста няма.

– Гэта значыць, былі б вы кандыдатам – паклікалі б?

– Вядома, гэта маральны абавязак. Інакш які сэнс у кандыдата? Ціха ўдзельнічаць у такіх выбарах – толькі шкодзіць дэмакратыі.

– Вы казалі, што калі ўлада не зменіць закон перад парламенцкімі выбарамі, то будзеце рыхтаваць Плошчу. Чаму?

– Калі нацыя не пратэстуе – яна згодная. Калі нацыя не змагаецца – яна памірае. Неабходна захоўваць самапавагу, маральныя каардынаты ў грамадстве, ідэалы. Трэба выходзіць, паказваць улады, самім сабе і ўсяму свету, што хапае людзей, якія не хочуць быць быдлам.

– Як Беларусь можа вярнуцца ў сям\’ю вольных еўрапейскіх народаў?

– Можа быць шанец, калі ў Расеі скончацца грошы на падтрымку, і актыўная меншасць можа скарыстацца тым, што большасць народа будзе незадаволеная. Тут ёсць небяспека для дзяржаўнасці, таму трэба дзейнічаць толькі тады, калі будзе ўпэўненасць, што Расея занятая сваімі «вайнушкамі» і ёй не да нас.

– Шанец на што? На «выбары»?

– На «выбары» пры гэтай уладзе надзеі няма.

– Тады на што?

– Змена ўлады праз масавыя вулічныя акцыі. Гэта адзіны інструмент у зняволеных народаў. Але я б не назваў гэта сілавым варыянтам.

– Дык а навошта тады кандыдатам удзельнічаць у парламенцкіх «выбарах», калі на выбары надзеі няма?

– Трэба, каб нашы людзі распавядалі пра альтэрнатыву. Бо адзіная альтэрнатыва – еўрапейская платформа. У Беларусі толькі два шляхі: або туды, або сюды – ці Расея, ці Еўропа. Таксама трэба паказаць, што «выбараў» няма. Плошчу можна праводзіць не ў дзень «выбараў», а на наступны дзень, калі ўсе зразумеюць, што ўсё прайшло як заўсёды. Адзінае апраўданне ўдзелу ў выбарах – Плошча. Інакш мы будзем проста выглядаць дурнямі.

– Вы гатовыя да новага тэрміну зняволення? Пры такой рашучасці гэты вынік вельмі імаверны, а вы немалады ўсё ж чалавек.

– Я гатовы рабіць тое, што трэба рабіць. Што будзе, тое і будзе. Я гатовы да ўсяго. Калі я ладзіў галадоўку, я прыняў думку, што магу сысці з гэтага свету. Чым пасля гэтага мяне можна напалохаць?