Статкевіч кліча на кангрэс без гэбістаў i камуністаў
29 сьнежня ў Менску прайшло першае пасяджэньне аргкамітэту кангрэсу дэмакратычных сілаў, які плянуецца правесьці ўвесну 2016 году.
У ім узялі ўдзел экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў, прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч, экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Рашэньні аргкамітэту ўзгоднены з былым старшынёй Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, з экс-кандыдатам у прэзыдэнтыАндрэем Саньнікавым, якога будзе прадстаўляць у аргкамітэце актывіст «Эўрапейскай Беларусі»Максім Вінярскі, а таксама з адным зь лідэраў «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды апавёў Мікалай Статкевіч:
«Такім чынам зараз у аргкамітэце 8 чалавек. Гэта дастаткова аўтарытэтныя і прыстойныя асобы. Мы дамовіліся, што ў любым выпадку кангрэс будзе праведзены ўвесну наступнага году, бо патрэбна публічная кансалідацыя для беларускага грамадзтва.
Трэба адчуць плячо адзін другога, каб мы пабачылі, што нас дастаткова, і каб Беларусь пабачыла.
Таксама прынятае рашэньне пра тры мэты кангрэсу:
- кансалідацыя дэмсілаў;
- прыняцьце агульнай стратэгіі дзеяньняў дэмсілаў;
- прыняцьце стратэгіі захаваньня і разьвіцьця Беларусі».
Паводле Статкевіча, у стратэгіі дзеяньняў будзе вызначана стаўленьне да ўдзелу ў парлямэнцкай кампаніі:
«Я магу казаць толькі пра сваю пазыцыю. Я лічу, што дэмсілы павінны ўдзельнічаць у гэтых псэўдавыбарах адзіным, дэмакратычным, эўрапейскім сьпісам, які базуецца на эўрапейскай плятформе. І паставіць уладу перад выбарам. Калі яна мяняе заканадаўства, што пакуль малаімаверна, то мы працуем толькі на выбары.
А калі выбары, як заўсёды, фальсыфікуюцца, то мы рыхтуем плошчу на наступны дзень пасьля выбараў.
Але гэтая пазыцыя можа быць прынятая альбо не прынятая іншымі ўдзельнікамі аргкамітэту».
Паводле Статкевіча, аргкамітэт, які працуе на прынцыпах роўнасьці, адкрыты для далучэньня кіраўнікоў дэмакратычных патрыятычных арганізацый Беларусі:
«Вядуцца перамовы з правацэнтрысцкай кааліцыяй, хаця туды ня ўсе „правыя“ уваходзяць, там няма БНФ і частка правых уваходзіць у аргкамітэт кангрэсу. Але мы паважаем гэтыя арганізацыі і вядзём кансультацыі. Мы са спадаром Някляевым мелі працяглую гутарку са спадаром Лябедзькам і дамовіліся, што нас запросяць на пасяджэньне кіраўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі, каб мы маглі прапанаваць ім удзел у кангрэсе і адказаць на іх пытаньні. Але пакуль я ня маю пацьверджаньня ад Лябедзькі пра час і месца такой сустрэчы».
Аргкамітэт будзе працаваць без камуністаў і без «гэбістаў», сказаў Мікалай Статкевіч. Ён адзначыў, што арганізацыі, якія працуюць пад кантролем спэцслужбаў, не зьяўляюцца дэмакратычнымі.
Паводле Статкевіча, вылучэньне дэлегатаў на кангрэс павінна адбывацца на сходах у рэгіёнах.
«І калі кіраўнікі некаторых дэмакратычных арганізацый не падтрымаюць кангрэс, гэта не азначае, што сябры гэтых арганізацый у рэгіёнах яго не падтрымаюць. Мы можам апынуцца ў такой сытуацыі, што кіраўнікі ня будуць, а арганізацыі будуць прадстаўлены. Хаця гэтага хочацца пазьбегнуць».
Наступнае пасяджэньне аргкамітэту пройдзе 12 студзеня.