Андрэй Саннікаў: Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за краіну
Сёння патрэбныя рашучыя дзеянні аб\’яднанай апазіцыі.
Пра гэта ў інтэрв\’ю charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.
– У Беларусі выйшла кніга памочніка Лукашэнкі Кірылы Рудога «Фінансавая дыета». Фактычна ў ёй выкладзеныя многія тэзісы вашай эканамічнай праграмы на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, асабліва ў частцы прыцягнення ў Беларусь сусветных брэндаў і замежных інвестыцый. Чаму ўлады менавіта цяпер наважылі звярнуцца да вашай эканамічнай праграмы?
– «Фінансавая дыета» Рудога – гэта сапраўды знакавая кніга. У ёй досыць адкрыта гаворыцца пра тое, якая мадэль існуе ў Беларусі, і канстатуецца, што яна нежыццяздольная.
Чыноўнікі вымушаныя казаць пра гэта ў мяккіх формах, але ніякая мяккасць не палегчыць жыццё людзей, якое сёння ў Беларусі вельмі цяжкае. У кнізе канстатуецца, што ў краіне існуе «дзяржаўны капіталізм», які грунтуецца на камандна-адміністрацыйнай сістэме. Зразумела, што гэта шлях не проста тупіковы, але пагібельны для ўсяго беларускага грамадства.
Чаму гэтая кніга выйшла менавіта цяпер? Таму што сітуацыя змянілася, перш за ўсё – сітуацыя на рынку энэрганосьбітаў. Кошт нафты ўпаў у 4 разы, адпаведна ўпалі даходы ад продажу беларускіх нафтапрадуктаў. Сітуацыя ў эканоміцы патрабуе хуткага рэагавання, хуткага пераарыентавання і рэформаў, якія не праводзіліся ў Беларусі ніколі.
Я думаю, што ў нашай краіне ёсць разважлівыя людзі, у тым ліку і ў афіцыйных колах, якія сёння проста б\’юць у звон і адкрыта кажуць: выдзіманыя лічбы нікому не патрэбныя – за апошнія пяць гадоў у нас скараціўся УБП і падае ўзровень жыцця.
– Ва ўмовах гэтага эканамічнага крызісу беларуская апазіцыя плануе вясной правесці Кангрэс дэмакратычных сіл. Вы ўваходзіце ў аргкамітэт Кангрэсу. На вашу думку, якія шанцы таго, што апазіцыйныя сілы аб\’яднаюцца?
– Хачу сказаць, што ў такіх умовах – эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага крызісу ў Беларусі – дэмакратычныя сілы павінны браць на сябе адказнасць за краіну. Пра гэта мы гаварылі і ў 2010 годзе і гатовыя былі ўзяць на сябе адказнасць, у тым ліку і за эканоміку.
Сёння відавочнае жаданне людзей, жаданне ўсяго грамадства, каб дэмакратычныя сілы аб\’ядналіся і супрацьпаставілі згубнаму глупству ўладаў выразную платформу, выразны шлях развіцця Беларусі – і баранілі гэты шлях. Разам з тым мы павінны супрацьстаяць пагрозам незалежнасці краіны.
Тое што робіць цяпер Мікалай Статкевіч, безумоўны лідар аб\’яднальных працэсаў, не можа не выклікаць павагі і патрабуе падтрымкі. Таму грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» наважыла падтрымаць такія намаганні.
– Што павінны рабіць беларускія дэмакратычныя палітыкі ва ўмовах сістэмнага крызісу, выкліканага некампетэнтным кіраваннем?
– Сёння трэба дзейнічаць рашуча, каб дэмантаваць гэтую сістэму, што губіць Беларусь. Гэта можна і трэба рабіць аб\’яднаўшыся, размаўляючы і знаходзячы сумесныя развязанні як з людзьмі ў Беларусі, так і з нашымі партнёрамі за межамі краіны.
Сёння патрэбныя рашучыя дзеянні. Час для «разгойдвання» і рэфлексіі ўжо прайшоў.