Актуальна

Што робіцца ў Беларусі, лепш бачна з Аўстрыі

Што робіцца ў Беларусі, лепш бачна з Аўстрыі. Прынамсі гэта вынікае са слова генеральнага сакратара Міністэрства замежных справаў гэтай краіны Міхаэля Лінхарта.

Аўстрыйцы заўважылі прагрэс афіцыйнага Менску ў працэсе нармалізацыі адносінаў з Еўразвязам, у тым ліку – прагрэс з правамі чалавека ў нашай краіне.

А калі ёсць прагрэс, то чаму б не адмяніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі? За што ўласна і выступае Аўстрыя, якая, дарэчы, не толькі адчыніла напярэдадні сваю амбасаду ў Беларусі, але і зʼяўляецца адным з галоўных інвестараў у нашай краіне. Далейшы лёс санкцыяў міністры замежных справаў Еўразвязу маюць абмеркаваць ужо ў наступны панядзелак. Цяперашняе ж прыпыненне абмежаванняў супраць афіцыйнага Менску дзейнічае да 29-га лютага.

Госць «Гарачага каментара» былы палітвязень і палітык Мікола Статкевіч падкрэсліў, што заўважыў пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі. «Калі лічыць паляпшэннем, што ў будынку суда збіваюць журналістаў, ставяць ім боты на твар, то што тады пагаршэнне?», – падкрэсліў былы палітвязень.

На ягоную думку варта было б правесці несанкцыянаваную, але дзёрзкую акцыю каля Адміністрацыі прэзідэнта. На ўлады мог бы паўплываць вялікі натоўп, а не некалькі дзясяткаў чалавек. «Мала абʼявіць гэтую акцыю, трэба ведаць гатовасць людзей удзельнічаць у ёй. Я яшчэ пакуль не ўпэўнены ў такой гатовасці», – адзначыў Мікола Статкевіч.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu