Навіны

Еўрапарламент не будзе супрацоўнічаць з “палатай прадстаўнікоў”

Еўрапарламент пакуль не будзе супрацоўнічаць з нашай “палатай прадстаўнікоў” і прызнаваць яе за парламент. Сфармуляваны ўмовы такога супрацоўніцтва: змены ў выбарчае заканадаўства, рэабілітацыя былых палітзняволеных і сумленныя парламенцкія выбары, пасля якіх у беларускім парламенце з\’явіцца апазіцыя.

Аб гэтым паведаміў у сваім Фэйсбуку Мікалай Статкевіч. Ён напісаў:

“На гэтым тыдні быў запрошаны ў Еўрапарламент. Выступіў з дакладам па сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні групы “Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў” — другой па колькасці фракцыі Еўрапарламента. Потым такі ж даклад зрабіў на пасяджэнні групы Еўрапарламенту па Беларусі. Пасля дакладаў адказваў на пытанні. Безумоўна, выказаў сваю пазіцыю па адмене Еўрасаюзам санкцый супраць беларускага рэжыму. Яна вядомая.

Дарэчы, склалася ўражанне, што многія з маіх суразмоўцаў таксама не знаходзяць падстаў для такога рашэння. Калегі паведамілі мне, што сацыял-дэмакратычная фракцыя выступае супраць адмены санкцый. Таксама прынята рашэнне, што Еўрапарламент пакуль не будзе супрацоўнічаць з нашай “палатай прадстаўнікоў” і прызнаваць яе за парламент. Сфармуляваны ўмовы такога супрацоўніцтва: змены ў выбарчае заканадаўства, рэабілітацыя былых палітзняволеных і сумленныя парламенцкія выбары, пасля якіх у беларускім парламенце з\’явіцца апазіцыя.

Падчас пасяджэння рабочай групы па Беларусі польскія еўрадэпутаты задавалі шмат пытанняў пра эфектыўнасць медыяў, якія працуюць з тэрыторыі Польшчы для Беларусі, у прыватнасці тэлеканала “Белсат”, сайта “Хартыя-97”, Радыё “Рацыя” і “Еўрарадыё”. Расказаў пра выключную важнасць для Беларусі гэтых СМІ ва ўмовах расійскай тэлевізійнай акупацыі Беларусі і папрасіў не спыняць іх падтрымку.

Таксама была сустрэча ў Еўракамісіі.

Усе мае суразмоўцы і ўдзельнікі пасяджэнняў вельмі станоўча ацэньвалі намер правесці Кангрэс дэмакратычных сілаў дзеля кансалідацыі еўрапейскай апазіцыі ў Беларусі і выпрацоўкі ёй супольнай праграмы вываду нашай краіны з крызісу. Некаторыя з еўрадэпутатаў выказалі жаданне быць гасцямі Кангрэсу.”