Ці выйдуць ІП на акцыю 14 сакавіка?
Ісці ці не ісці? Меркаванні прадпрымальнікаў наконт удзелу ў панядзелкавай акцыі падзяліліся.
Акцыя пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў супраць указу №222 адбудзецца ў Менску ўжо літаральна паслязаўтра, аднак ісці ці не ісці – адназначнага адказу нават у асяроддзі сталічных іпэшнікаў дагэтуль няма.
«Я вось на мітынгі падобнага кшталту не хаджу, бо ў мяне тавар зараз сертыфікаваны», – кажа адзін з прадстаўнікоў ІП.
Іншы адзначае:
«Некаторыя можа пабойваюцца, у кагосьці рукі апускаюцца – інфармаванасці мала!»
«Для тых, хто праце без сертыфікатаў, акцыя мае сэнс. Бо гэта частка насельніцтва, якая працавала і засталася зусім без сродкаў на існавання», – заўважае прадпрымальніца.
Хтосьці яшчэ кажа, што «у нашай дзяржаве такія акцыі не маюць сэнсу», іншы заўважае, што «калі не варушыцца, то нічога не будзе».
Першапачаткова на панядзелак планаваўся Марш прадпрымальнікаў і мітынг, аднак пасля адмовы сталічных уладаў у дазволе на яго правядзенне, арганізатары змянілі фармат.
«Ёсць гэткая заява, яна ўжо гатовая, мы раздаём яе сёння прадпрымальнікам, якія могуць зрабіць свой выбар:альбо чакаць, калі да іх прыйдзе падаткавая і спытае з праверкай, альбо самім прыйсці ў Міністэрства па падатках і зборах і запатрабаваць выканаць патрабаванні», – кажа кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
Пры гэтым улады, спрабуючы збіць пратэставую хвалю, выкарыстоўваюць не толькі бізун, але і пернік. Напярэдадні Міністэрства эканомікі заявіла пра тое, што штрафы за гандаль без адпаведных сертыфікатаў улады плануюць зменшыць ажно ў сто разоў – да дзвюх базавых велічыняў.
Вось што пра гэта думае палітык Мікола Статкевіч:
«Яны заклікаюць: не хадзіце на акцыю 14-га – і, магчыма, мы паменшым. Але калі людзі не прыйдуць, то яны дакладна нічога не зробяць. Так што я хачу звярнуцца да прадпрымальнікаў. Бачыце? Яны (улады) паддаюцца! Калі 14-га вас прыйдзе шмат – яны будуць саступаць!»
Дый змяншэнне штрафу, нават калі абяцанкі будуць выкананыя, зусім не азначае яго яго адсутнасць. А таму выбар: быць злачынцам, хай і каранымбольш лагодна, альбо паспрабаваць адстаяць сваю пазіцыю – для прадпрымальнікаў застаецца ўсцяж актуальны.
Валер Руселік, belsat.eu