Мікалай Статкевіч: Акцыя 14 сакавіка будзе масавай і эфектнай
Калі ўлады не пойдуць на саступкі, прадпрымальнікі гатовыя да больш рашучых крокаў.
Пра гэта сайту charter97.org заявіў лідар беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе, адзін з заяўнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 14 сакавіка Мікалай Статкевіч.
– Як цяпер праходзіць падрыхтоўка да акцыі?
– Настрой у мяне бадзёры. Не ўсё, вядома, залежыць ад майго настрою: гэтая акцыя для пэўнага пласта беларускіх грамадзян, у якіх ёсць свае арганізацыі і лідары. Пераважна падрыхтоўкай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў займаецца адная з такіх арганізацый – “Перспектыва”.
Я прапанаваў дапамогу партыі «Народная Грамада», і мы дапамагаем у распаўсюдзе інфармацыі, але ў прадпрымальнікаў праца з мабілізацыяй у рэгіёнах і так арганізаваная добра. Я асабіста інфармацыю пра акцыю распаўсюджваю, падымаю гэтую тэму, падтрымліваю інфармацыйныя кантакты.
Я разлічваю, што гэтая акцыя ІП будзе найбольш масавай з усіх, што адбыліся апошнім часам.
Улада гэта адчула, і мы не атрымалі дазволу на правядзенне Маршу прадпрымальнікаў. Але акцыя пройдзе і мы спадзяемся, што ўлада пойдзе на саступкі ў пытанні скасавання ўказу №222. Калі яна на саступкі не пойдзе – будуць наступныя, больш рашучыя крокі.
Цяпер я адчуваю пільную ўвагу ўладаў у сувязі з падрыхтоўкай акцыі: дасылаюць нейкія sms на нейкія суды.
– Дарэчы, вось гэтыя выклікі sms у суды лідараў апазіцыі за мінулыя мітынгі ІП – ці не адпудзіць гэта прадпрымальнікаў ад удзелу ў акцыі? Які цяпер настрой?
– Тут шырокі спектр: ёсць і баявы настрой, і стан адчаю. Я кантактую з ІП праз сацыяльныя сеткі і магу сцвярджаць, што некаторыя даведзеныя да надзвычайнага адчаю. Але значная частка гатовая да пратэстаў.
– Адзін з індзейскіх правадыроў казаў з гэтай нагоды калісьці: «Людзі, даведзеныя да адчаю, становяцца вельмі прадпрымальнымі». У нашай сітуацыі мы можам чакаць рашучасці ад людзей, якім ужо няма чаго губляць?
– Усе людзі па-рознаму рэагуюць на стрэсавую сітуацыю. Тут мы маем справу з людзьмі, якіх некалі дзяржава кінула на «волю хваляў», яны здолелі выжыць і арганізаваць сваю справу. Так што гэта – людзі валявыя і асаблівыя.
Я не магу ім не дапамагаць, тым больш, што адная з маіх задач у дэмакратычным лагеры – вяртанне ў барацьбу лідараў, якія маюць патэнцыял.
Я думаю, што акцыя пройдзе гучна і эфектыўна – і гэта паўплывае на ўладу. Калі адзін канкрэтны чалавек спалохаецца – яму ўжо будзе не да бізнэсу «сыночка» і спусташэння тысяч людзей. Напалохаць яго – адзіны наш шанец.
Калі не дапаможа першы крок, думаю, ІП мабілізуюцца да наступных, больш рашучых і эфектыўных крокаў.
– Перамовы, якія зноў пачаліся ў Міністэрстве эканомікі, дадуць нейкі вынік? Некаторыя ІП ужо кажуць, што прасцей дамовіцца з марсіянамі, чым з нашым урадам.
– Гэта сапраўды так. Але пастанову прымае не ўрад, а адзін канкрэтны чалавек. А ў яго – «сямейны» інтарэс: хтосьці з дзетак хоча свой стратны бізнэс зрабіць прыбытковым.
І дзеля гэтага «сыночка» сотні тысяч людзей будуць спустошаныя, а мільёны беларусаў будуць вымушаныя купляць дарагі тавар у крамах.