Статкевіч не прыйшоў на «судовы канвеер», Лябедзька папрасіў адкласці суд
У мінскім Цэнтральным раённым судзе пачаліся працэсы над удзельнікамі мітынгу 22 лютага ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў.
Мікалай Статкевіч, які ў ліку сённяшніх падсудных, на працэс не прыйшоў. Справу Анатоля Лябедзькі паводле ягонай заявы адклалі на 14 сакавіка.
Анатоля Лябедзьку будзе судзіць Вікторыя Шабуня, Мікалая Статкевіча — Міхаіл Хома, Алеся Макаева — Валер Есьман, Мікалая Казлова — Таццяна Рак, Алеся Абрамовіча — Наталля Вайцяховіч.
Усе актывісты былі запрошаныя на суд праз SMS. Паведамленні з запрашэннямі ў суд атрымалі таксама актывісты Павел Севярынец, Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў.
Падчас мітынгу міліцыянты не складалі пратаколаў, а толькі зрабілі спіс найбольш актыўных удзельнікаў. У заяве АГП будучыя суды названыя «новым судовым канвеерам».