Саўчанка спыніла галадоўку пасьля размовы з Парашэнкам
Надзея Саўчанка спыніла галадоўку пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Сёньня Парашэнка заявіў, што падчас ўчорашняга тэлефоннай размовы з расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным «удалося ўзгадніць пэўны альгарытм вызваленьня» Саўчанкі.
У Крамлі заявілі, што лёс Саўчанкі сапраўды «абмяркоўваўся» у размове з Пуціным. Аднак пра падрабязнасьці гэтага абмеркаваньня прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў казаць адмовіўся.
Напярэдадні ў Кіеве суд прыгаварыў да 14 гадоў пазбаўленьня волі расейцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, прызнаўшы іх вінаватымі ў «вядзеньні вайны супраць Украіны», а таксама ў «арганізацыі і зьдзяйсьненьні тэракту». Шэраг расейскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў пасьля гэтага заявілі, што вынясеньне прысуду дазваляе пачаць працэс абмену расейцаў на Саўчанку.
22 сакавіка суд у Расеі прысудзіў Надзею Саўчанка да 22 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў саўдзеле ў забойстве двух журналістаў ВГТРК пад Луганскам летам 2014 года. На наступны дзень пасьля ўступленьня прысуду ў сілу — 6 красавіка — Саўчанка на знак пратэсту абвясьціла галадоўку. Яе адвакаты паведамлялі аб хуткім пагаршэньні здароўя сваёй падабароннай.