Мікалай Статкевіч: Кангрэс пройдзе без іх
Частка апазіцыі не гатова да ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў, значыць, ён пройдзе без іх, – сказаў старшыня аргкамітэта па стварэнню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народна Грамада) Мікалай Статкевіч.
Апошні раз прапанову аб удзеле ў Кангрэсе ён вылучыў сёння на паседжанні нарады дэмакратычных арганізацыяў. Таксама размова ішла пра каардынацыю дзеянняў падчас кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, фармаванні адзінага спісу кандыдатаў.
– Калегі, як і раней, не гатовы далучацца да ўдзелу ў Кангрэсе. Правацэнтрысцкая кааліцыя, БНФ, яшчэ раней старшыня партыі БСДПГ таксама выказаліся супраць. Гэта значыць, што Кангрэс пройдзе без іх. Гаворка вялася пра адзіны спіс. Калегі ўжо, нібыта, не супраць адзінага спісу, але, чамусьці, яны пад гэтым разумеюць, што ў гэтым спісе можа быць колькі заўгодна кандыдатаў. На мой погляд, гэта прафанацыя, ці падман.
Мікола Статкевіч спадзяецца, што пагадненне ўсё ж можа быць дасягнута на наступных паседжаннях нарады дэмакратычных арганізацыяў.
– Дамовіліся зноў сабрацца, утварыць рабочую групу і паспрабаваць зрабіць адзіны спіс і вызначыцца, гэта 110 ці, напрыклад, 300 дэмакратычных кандыдатаў на 110 акругаў?” – сказаў Мікола Статкевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя