Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Кангрэс і Купала
Што адбываецца з Беларускім нацыянальным кангрэсам?
Як таго патрабуюць устаноўленыя ўладай правілы, аргкамітэт Беларускага нацыянальнага кангрэсу звярнуўся ў Мінгарвыканкам з просьбай аб арэндзе памяшкання. Просьбу падтрымала прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза. І тым не менш у памяшканні адмовілі.
Паколькі Лукашэнка ў чарговы раз распачаў з ЕС “хітрую” гульню ў дэмакратызацыю, дык і адмовілі як бы “хітра”: параілі “звяртацца да суб’ектаў гаспадарання”. Нібы чыноўнікі Мінгарвыканкаму не ведаюць, што без дазволу ўладаў ніхто такога рашэння прыняць не можа. Што ўвогуле ў нашай краіне ёсць толькі адзін “суб’ект гаспадарання”, а ўсе астатнія — ягоная абслуга.
Тым не менш аргкамітэт Кангрэсу звярнуўся да “суб’ектаў гаспадарання”, у якіх ёсць актавыя залы на 400-500 чалавек. Як і трэба было чакаць, безвынікова.
Што было рабіць?..
Розныя былі прапановы. Адна з іх: перанесці Кангрэс у замежжа. Яшчэ адна: праводзіць Кангрэс паэтапна. Па абласцях, па гарадах. Але большасць сяброў Аргамітэту вырашыла: ніякіх замежжаў! Толькі ў Беларусі, толькі ў нашым доме! І ніякіх расцягванняў Кангрэсу ў часе, ніякі саступак рэжыму! Бо расцягнуць, раскідаць, раз’яднаць і знішчыць дэмакратычна арыентаваныя сілы — гэта якраз тое, што меў рэжым на мэце ад пачатку свайго існавання. І трэба прызнаць, што шмат у чым дасягнуў поспеху. Прычым не без дапамогі асобных прадстаўнікоў апазіцыйных структур. І не толькі тых, якія працуюць пад куратарствам спецслужбаў, але і тых, хто свае асабістыя інтарэсы ставіў і ставіць вышэй за інтарэсы агульныя, нацыянальныя. За інтарэсы Беларусі, якая не ў апошнюю чаргу менавіта па гэтай прычыне не скарыстала гістарычны шанец стаць дэмакратычнай, незалежнай краінай у 90-я гады.
Цяпер пытанне нават не ў тым, якой быць Беларусі, а ўвогуле: быць ці не быць? У бліжэйшыя два гады нас чакае рэцэсія, эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца, сацыяльная напружанасць будзе расці. Не маючы сродкаў на самападтрымку, рэжым будзе слабець. Урэшце ён разваліцца. Але што будзе на ягоных руінах? Які паўстане на іх “суб’ект гападарання”?..
Калі не наш — дык чужы.
Гэта перспектыва, якую трэба цвяроза ўсведамляць як найблізкую рэальнасць.
Што ў такой перспектыве мусілі б рабіць апаненты рэжыму? Узмацняцца! Скарыстоўваць усе, нават самыя найменшыя магчымасці для гуртавання ў адзіную сілу. Каб гэтая свая, беларуская сіла магла супрацьстаяць іншым. Была здольная змагацца за Беларусь.
Менавіта такой магчымасцю, адной з такіх магчымасцяў бачыўся мне Кангрэс дэмакратычных сілаў перад парламенцкімі выбарамі. Гэтаксама як Кангрэс перад прэзідэнцкімі выбарамі, які быў заблакаваны. І ведаеце, чаму? Каб не было ў нас беларускай сілы. Каб і надалей панаваў над намі, над нашым жыццём, над нашым лёсам “суб’ект гаспадарання”.
Не рашэннем аргкамітэту Беларускі нацыянальны кангрэс пераведзены ў несанкцыянаваную вулічную акцыю. І не рашэннем Мінгарвыканкаму – не там такія рашэнні прымаюцца. Гэта рашэнне рэжыму — і яно наўпрост сведчыць пра рэальныя намеры улады, пра далейшыя кірункі чарговай гульні ў дэмакратызацыю.
Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які быў адным з ініцыятараў стварэння руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць!”, казаў, што жыве з вераю ў любоў беларусаў да Беларусі. Верыць, што ўсім нам баліць за яе сэрца. Розніца толькі ва ўзроўні болю.
Баліць ужо невыносна.
Але трэба трываць.
Я нікога не заклікаю прыйсці 15 мая а 12.00 да помніка Янкі КупаЯ нікога не заклікаю прыйсці 15 мая а 12.00 да помніка Янкі Купалы, каб падтрымаць дэлегатаў Кунгрэсу. Хто захоча прыйсці, прыйдзе і без заклікаў. Але ўсё вагаючыся, як нам быць, усё чакаючы, што нехта нешта вырашыць за нас, мы дачакаемся тых, хто прыйдзе і адменіць не толькі любыя кангрэсы, сходы каля помніка Янку Купалу, але й самога Янку Купалу.
naviny.by