Навіны

Эўрапарлямэнт адклаў прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі

У Эўрапейскім парлямэнце да наступнага паседжаньня ў канцы месяца адкладзена галасаваньне па праекце рэзалюцыі з заклікам аб пераносе чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў іншую краіну.

Такое рашэньне прынятае ў сувязі з адмовай Аляксандра Лукашэнкі памілаваць асуджаных да сьмяротнага пакараньня за тэракт у менскім мэтро Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

У праекце рэзалюцыі гаварылася, што Эўрапарлямэнт:

1. Працягвае рашуча асуджаць пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў, у спалучэньні з адсутнасьцю глыбокіх дэмакратычных і эканамічных рэформаў у Беларусі, і будзе далей выступаць супраць ціску на праціўнікаў рэжыму ў Менску;

2. Асуджае бесьперапынны перасьлед абаронцаў правоў чалавека і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, а таксама актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ ў Беларусі па палітычных матывах;

3. Патрабуе безумоўнага і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, нагадвае, што ня можа быць ніякага прагрэсу ў дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю без прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі; і пакуль ня будуць безумоўна вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітычныя вязьні, у тым ліку Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, два экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікола Статкевіч і Андрэй Саньнікаў, кіраўнікі прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычных кандыдатаў ад апазыцыі Павел Севярынец і Зьміцер Бандарэнка, а таксама Сяргей Каваленка, палітычны вязень, затрыманы па абвінавачваньні ў парушэньні хатняга арышту, які праводзіць доўгую галадоўку, якая прывяла да крытычнага пагаршэньня яго здароўя і непасрэдна пагражае яго жыцьцю.

4. Падкрэсьлівае, што рашэньне аб адкліканьні ўсіх паслоў краін-членаў ЭЗ зь Беларусі даказвае, што спробы беларускіх уладаў падзяліць Эўразьвяз на падставе прыняцьця рашэньня аб санкцыях не удалося;

5. Падкрэсьлівае, што цьвёрдая прыхільнасьць з боку ўсіх дзяржаў-членаў ЭЗ і іншых дэмакратычных краін дзейнічаць адзіным фронтам у момант неабходнасьці можа спрыяць агульначалавечым каштоўнасьцям у такіх краінах, як Беларусь, і наблізіць іх да шляху пераходу да дэмакратыі;

6. Асуджае агрэсіўную рыторыку, якую выкарыстоўвае Аляксандар Лукашэнка ў дачыненьні да міністрам замежных спраў Нямеччыны;

7. Падкрэсьлівае, што замест паглыбленьня самаізаляцыі, Менск павінен зрабіць правільны выбар для свайго народу і адкрыць дзьверы да дэмакратыі;

8. Заклікае нацыянальныя фэдэрацыі хакею краін-членаў ЭЗ і ўсіх іншых дэмакратычных краінаў заклікаць Міжнародную хакейную фэдэрацыю (IHF) на сваім наступным кангрэсе ў траўні ў Хэльсынкі зноў абмеркаваць сваё раней прынятае рашэньне аб правядзеньні ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі і абмеркаваць магчымасьць пераносу чэмпіянату ў іншую краіну да таго часу, пакуль ўсе палітычныя вязьні, прызнаныя міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вязьнямі сумленьня, ня будуць вызваленыя і пакуль рэжым не праявіць відавочных прыкметаў сваёй прыхільнасьці і павагі да правоў чалавека і вяршэнства закона;

9. Вітае рашэньне Рады ад 28 лютага 2012 году аб умацаваньні абмежавальных захадаў і ўнясеньні 21 імёнаў людзей, адказных за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, у сьпіс асоб, якім забароны ўезд і актывы якіх замарожаныя;

10. Заклікае Раду падвесьці вынікі апошніх падзей у дыпляматычных дачыненьнях паміж ЭЗ і Беларусьсю і далейшага пагаршэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у краіне і, зыходзячы з гэтага, прыняць рашэньне аб далейшых абмежавальных мерах, у тым ліку мэтавых эканамічных санкцый;

11. Падкрэсьлівае, што Эўрапейскі Зьвяз і Беларусь павінны мець добрасуседзкія дачыненьні, і што ЭЗ мае рашуча падтрымліваць шчыльнае ўзаемадзеяньне з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі і дэмакратычныя спадзяваньні беларускага народу;

12. Зноў заклікае Камісію фінансавымі і палітычнымі сродкамі падтрымліваць намаганьні беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ (у тым ліку ТБ Белсат, Эўрапейскае радыё для Беларусі, радыё Racja і інш) і няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі з мэтай садзеяньня дэмакратыі;

13. Падкрэсьлівае неабходнасьць пашырэньня супрацоўніцтва паміж ЭЗ і яго ўсходнімі суседзямі ў рамках Усходняга партнэрства, уключаючы парлямэнцкае вымярэньне — Эўранэст — з агульнай мэтай ініцыяваньня сапраўднага працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі;

14. Даручае свайму Старшыні давесьці гэтую рэзалюцыю да ведама Рады, Камісіі, парлямэнтаў і ўрадаў дзяржаў-членаў, Генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, Сакратарыяту Садружнасьці Незалежных Дзяржаў і Парлямэнту і Ўраду Рэспублікі Беларусь.

Радыё Свабода