Тут пахне расейскім духам. Як у Беларусі паўстае прарасейская пятая калона
Беларускія дзеці – у трэнінгавых лагерах расейскіх неанацыстаў. І ўсё гэта – пад крылом праваслаўных святароў.
Яшчэ чатыры гады таму Аляксей Мільчакоў хваліўся здымкамі забітых шчанят, а сёння – ён кіраўнік гэтак званай дыверсійнай групы «Русіч» і, навучае беларускіх дзяцей у вайскова-патрыятычных летніках у Расеі. Туды дзеці трапілі з шэрагу казацкіх клубаў, што дзейнічаюць пры правасланых храмах Віцебскай вобласці. Беларускі экзархат праваслаўнае царквы пасля публікацыі адхрысціўся ад неанацыстаў і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Звярнуць увагу ўжо заклікалі і пракуратуру. Аднак, спадзявацца на ўлады не варта – кажа экс-кандыдат на прэзідэнта, падпалкоўнік запасу Мікола Статкевіч.
Мікола Статкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнта:
«Яны знаходзяцца ў поўнай залежанасці, перадусім эканамічнай ад Расеі, бо гэтая раскоша праз эканоміку кантраляваць усе грошы, працоўныя месцы – яна дорага каштуе. Такая эканоміка – яна толькі стварае выдаткі. І за ўсё гэта заўсёды плаціла Расея. Хай менш, але плоціць. І таму тут рукі звязаныя – паспрабуй крані кагосьці з гэтага рускага свету, тут такі смурод падымецца».
Сам Аляксей Мільчакоў ужо пацвердзіў інфармацыю «Нашай Нівы» і заявіў, што «Русіч» мае вялікія планы на нашую краіну. Казацкія арганізацыі, што апошнія гады ладзяць вайскова-патрыятычныя зборы ледзь не ў кожнай вобласці, супраца з нацыстамі з ЛНР і ДНР. Колькі можа каштаваць ігнараванне такіх зʼяваў – ведаюць нашыя паўднёвыя суседзі.
Дзяніс Казанскі, журналіст, блогер, Кіеў:
«Нейкія расейскія цэнтры, нейкі расейскі блок – гэта вельмі маргінальныя партыі і абʼяднанні, якія ніхто не ўспрымаў усурʼёз у нейкі момант проста фактычна сталі ачагамі сепаратызму».
У дадатак да фармавання адпаведных поглядаў у беларускай моладзі на выездах у Расеі, адмыслоўцы раяць памятаць і пра гэтак званыя расейскія цэнтры культуры і навукі. Яны існуюць у Менску і Берасці, а ў панядзелак паўстане чарговы – у Гомлі, паабяцаў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.
Дзяніс Івашын, валанцёр цэнтру журналісцкіх расследаванняў «InformNapalm»:
«Чым вядомы гэты цэнтр? Перадусім тым, што на ягонай базе створанае прадстаўніцтва россотруднічества ў РБ, якое займаецца, пра гэта можна смела казаць, каардынацыяй і фінансаваннем дзейнасці разнастайных прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі, сярод якіх ёсць і парамілітарныя фармаванні».
Але акрамя падобных абʼяднанняў, Расея дамінуе і ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Сваё занепакоенне на мінулым тыдні асцярожна выказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта:
«Кантэнт Расейскай Федэрацыі ў беларускіх медыях складае ўжо на сёння, што таксама нас не павінна не насцярожваць з гледзішча нашай нацыянальнай культуры, у тым ліку інфармацыйнай бяспекі – даходзіць да 65%».
То бок дэ-факта расейскія медыі ўжо цяпер маюць большы ўплыў на нашых суграмадзянаў, чымся дзяржаўныя. У сённяшняй Украіне, такія арганізацыі проста не змаглі б існаваць. З Кіева беларускім уладам раяць рэагаваць як мага хутчэй.
Дзяніс Казанскі, журналіст, блогер, Кіеў:
«І беларускія ўлады і беларускае грамадства мусяць на гэта рэагаваць, калі ім дарагая скура. Калі яны ня хочуць паўтору ўкраінскіх падзеяў, пры чым ў значна большым маштабе, бо Беларусь меншая і калі там пачнецца такая ж вайна – яна ахопіць усю тэрыторыю дзяржавы. Гэта будзе катастрофа ».
Застаецца пытанне, якім чынам Менск, што на афіцыйным узроўні не выказвае захаплення гэтак званым рускім мірам мае супрацьстаяць такім працэсам, не псуючы дачыненні з галоўным хаўруснікам? Паводле Міколы Статкевіча, нават пры жаданні ў беларускіх уладаў няма такіх рэсурсаў у сілавых структурах.
Мікола Статкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнта:
«Там вычышчалася ўсё патрыятычнае, нацыянальнае, тыя людзі, якія б маглі сёння выступіць гарантыяй незалежнасці, яе абаронцамі – яны вычышчаліся. Засталіся хто? Па-сутнасці, сілавыя структуры сёння зʼяўляюцца адной з пагрозаў існавання беларускай дзяржавы».
Мякка кажучы – гэта не самая аптымістычная ацэнка. Тым не меней, на сілавіках беларусь не сканчваецца ды нават у самых уладаў ёсць час, пакуль ніякай наўпроставай пагрозы не існуе прынамсі звярнуць увагу на такі змрочны сцэнар.
Усевалад Шлыкаў, «Белсат»