Зацверджаны склад рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу
Першае пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшло 28 траўня ў Менску.
Яго ўдзельнікі зацвердзілі склад рады і рэгламент яго дзейнасці.
Як паведамляе БелаПАН, рада кангрэса фармуецца з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і Менска).
На гэты момант у склад рады ўваходзяць 15 чалавек: ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай ГрамадыСтаніслаў Шушкевіч, аргкамітэта ў стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў (якога ў Радзе прадстаўляе Максім Вінярскі), аб\’яднання «малады фронт» Зміцер Дашкевіч, руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, аргкамітэта партыі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка, руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў, а таксама сем прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцый.
Статкевіч паведаміў, што склад рады будзе пашырацца. «Будуць працягвацца перамовы з рознымі апазіцыйнымі структурамі. Але тут паўстае пытанне, каго мы можам запрашаць да працы ў радзе, бо ёсць арганізацыі, якія выступаюць за еўразійскі вектар развіцця, што супярэчыць платформе кангрэса», – сказаў ён.
У выніку наважана, што ў склад рады кангрэса могуць увайсці арганізацыі, якія падпісалі мемарандум «Аб мерах забеспячэння незалежнасці Беларусі» (прыняты падчас нарады беларускіх грамадскіх і палітычных арганізацый са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай 3 лістапада 2012 года ў Вільні) або Дэкларацыю у падтрымку незалежнасці Рэспублікі Беларусь (падпісаная напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса, які адбыўся ў Менску 15 траўня).
Рэгламент дзейнасці рады прадугледжвае роўнасць усіх яго суб\’ектаў. Пастановы рады кангрэсу будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў, пасяджэнні будуць праходзіць раз на месяц.
Правядзенне кангрэсу дэмакратычнымі сіламі з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта ў падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч.
Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса прайшоў у скверы імя Янкі Купалы ў Менску 15 траўня. Пастанова правесці кангрэс на адкрытым паветры была прынятая пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Са слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўладаў, а Менгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання.
Удзельнікі кангрэса ўзялі некалькі рэзалюцый – «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў», «Аб пазіцыі кангрэса што да выбарчай кампаніі 2016 года», «Аб адзінстве дэмакратычных сіл».