Месяцы два таму ехаў машынай праз Вільню на Гданьск…
Месяцы два таму ехаў машынай праз Вільню на Гданьск. Так выпала, што праехаў тэрыторыі (Віленскі край і Беласточчыну), якія Сталін спачатку ўключаў у склад БССР, а потым перадаваў літоўцам ці палякам. Атрымалася нават, што нягледзячы на звышлаяльнаць, на найвялікшыя чалавечыя ахвяры і перамогу ў другой сусветнай вайне, Беларусь панесла пасля яе тэрытарыяльныя страты, як пераможаная краіна.
Але я не пра справядлівасць ці несправядлівасць такіх рашэнняў тырана, а пра іх логіку. Сталін вырашыў залагодзіць літоўцаў і палякаў за кошт беларусаў. Чаму так, а не наадварот? Бо ў нашых суседзяў, у адрозненне ад беларусаў, была высокая нацыянальная самасвядомасць. Яны былі аб\’яднаныя ў нацыі. А аб\’яднаныя адзінай моцнай ідэяй супольнасці – гэта сіла, з якой мусяць лічыцца і тыраны.
Атамізаваныя ж грамадствы, дзе кожны сам за сябе – лёгкая здабыча нават саматужнага калгаснага царка. Таму наш тутэйшы царок прыклаў столькі высілкаў у змаганні з беларускай гісторыяй і мовай, якія ляжаць у аснове нацыі. Бо статкам кіраваць лягчэй.
А цяпер гэтая тупая прага безкантрольнай улады, якая істотна запаволіла ўмацаванне нашай нацыі, робіць Беларусь патэнцыйнай ахвярай усялякай “зялёнай” поскудзі.