Палітыка

Апазіцыя зацвердзіла праграму каардынацыі дзеянняў падчас выбараў

21 чэрвеня прадстаўнікі беларускай апазіцыі плануюць падпісаць праграму каардынацыі дзеянняў падчас парламенцкіх выбараў, паведаміў БелаПАН Мікалай Статкевіч.

Паводле яго слоў, 16 чэрвеня адбылося чарговае пасяджэнне пастаянна дзейнага кансультатыўнага савета дэмакратычных арганізацый. У працы савета, нагадаем, удзельнічаюць прадстаўнікі Аб\’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», кампаніі «Еўрапейская Беларусь», руху салідарнасці «Разам», незалежнага прафсаюза РЭП, аргкамітэтаў па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі працоўных, Партыі жанчын «Надзея» і Партыі свабоды і прагрэсу.

«Была зацверджаная праграма каардынацыі на час выбараў, пачалося яе падпісанне. Не падпісалі тыя, хто адсутнічаў на пасяджэнні», — сказаў Статкевіч. Паводле яго слоў, падпісанне праграмы завершыцца 21 чэрвеня на чарговым пасяджэнні савета. Казаць пра змест ён не стаў. «Калі падпісанне скончыцца, дакумент будзе перададзены на апублікаванне. Мы вырашылі, што пакуль можна даць толькі гэтую інфармацыю, бо да падпісання ўсімі змест дакумента будзе некарэктна абвяшчаць», — растлумачыў Статкевіч.

Ад сябе ён дадаў, што гаворка ідзе пра «досыць сціплую каардынацыю». «Гэта і зразумела, бо кансультатыўны савет — гэта пляцоўка больш для дыялогу. Але тым не менш ёсць і канкрэтныя важныя рашэнні, у прыватнасці што да рэакцыі на магчымыя фальсіфікацыі», — сказаў палітык.

Статкевіч таксама паведаміў аб планах апазіцыі правесці «агульнае мерапрыемства падчас выбарчай кампаніі для кандыдатаў». «Рашэнне папярэдняе, больш нічога сказаць не магу», — сказаў ён.

Цяперашнюю форму каардынацыі і ўзаемадзеяння апазіцыі Статкевіч назваў «мяккай». «Але, вядома, мы не выпускаем з-пад увагі магчымасць аб\’яднання ў дзеяздольную кааліцыю з еўрапейскай платформай, эфектыўнай каардынацыяй і абавязковымі рашэннямі. Учора адбыліся чарговыя кансультацыі прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэса і правацэнтрысцкай кааліцыі. З дазволу калег абвяшчаю: прынятае рашэнне працягнуць кансультацыі, мэта якіх — стварыць эфектыўную дзеяздольную кааліцыю на базе еўрапейскай платформы», — паведаміў палітык.

Беларускі нацыянальны кангрэс, нагадаем, створаны з ініцыятывы групы грамадскіх дзеячаў у мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў. Кангрэс дзейнічае ў форме савета, першае пасяджэнне якога прайшло 28 мая.

У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць рух «За Свабоду», Аб\’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Парламенцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 верасня.

Наша Ніва