Мікалай Статкевіч. Дар
Ездзіў учора ў месца, дзе нарадзіўся і вырас Васіль Быкаў. Хацеў выказаць павагу гэтаму чалавеку.
Па дарозе, ў старым і душным аўтобусе, мужчына сталага веку цытаваў моладзі вершы Янкі Купалы 30-х гадоў, дзе паэт славіў Сталіна і ўхваляў суды над трацкістамі. Потым гэты мужчына прапанаваў і мне прачытаць Купалаў верш пра савецкія выбары. Адказаў яму, што паэт проста ратаваў сваё жыццё. Але мужчына ўсё абураўся, чаму гэта Купалу называюць нацыянальным геніям.
Я думаю, што мы часам занадта патрабавальныя да людзей, надзеленых дарам слова. Мо таму, што ў нашай найноўшай гісторыі мы часта сустракаліся з выпадкамі, калі людзі, якія добра і правільна казалі, потым дэманстравалі баязлівасць, самапрыніжэнне і здраду сваім ідэалам. І мы шукаем нейкую кампенсацыю тым здрадам.
Здольнасць быць цвёрдым у сваіх перакананнях у любых умовах – гэта таксама дар. І гэты дар нячаста супадае у адным чалавеку з творчым дарам.
У творцы павінен цікавіць найперш вынік яго творчасці. Таму я ніколі асабліва і не цікаўлюся прыватнымі жыццёвымі акалічнасцямі нават вялікіх творцаў. Акрамя выпадкаў, калі яны дэманстравалі цвёрдасць сваіх перакананняў у драматычных абставінах.
Узрослы ў беднай мужыцкай хаце выбітны пісьменнік Васіль Быкаў жыў годна і быў цвёрды ў сваім імкненні пісаць праўду ў любых абставінах. Ён жыў шляхетна.
Таму ўчора, у старым і душным аўтобусе, я ехаў на яго радзіму, каб выказаць сваю павагу да чалавека, якога паважаю.