Ініцыятыўную групу Статкевіча не зарэгістравалі. «Народная грамада» адмовіцца ад удзелу ў выбарах
Акруговы выбаркам не зарэгістраваў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча па вылучэньні яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, палітвязень, лідэр БСДП («Народная грамада») Мікалай Статкевіч пракамэнтаваў гэтае рашэньне:
«Рашэньне, безумоўна, чаканае, бо яны нават унесьлі папраўкі ў выбарчы закон. У 2008 годзе яны зарэгістравалі ініцыятыўную групу пры наяўнасьці маёй судзімасьці пасьля „хіміі“, але не зарэгістравалі мяне як кандыдата зноў жа з-за наяўнасьці судзімасьці.
Цяпер яны ўнесьлі зьмены ў закон. Гэта адбылося пасьля таго, як у 2012 годзе „Народная грамада“ спрабавала зарэгістраваць ініцыятыўныя групы па вылучэньні мяне кандыдатам у дэпутаты ў 72 з 110 выбарчых акруг Беларусі. Гэта была вельмі эфэктыўная акцыя падтрымкі. Нават у турэмнай камэры з радыёкропкі чуў гістэрыку спадарыні Ярмошынай з гэтай нагоды.
Нават у турэмнай камэры з радыёкропкі я чуў гістэрыку спадарыні Ярмошынай.
Цяпер мы паўтарылі гэты крок, і гэта зноў акцыя салідарнасьці з усімі былымі палітвязьнямі, зь якіх ня зьнятая судзімасьць, якія знаходзяцца пад прафіляктычным наглядам, некаторыя зь іх мусілі пакінуць краіну».
Мікалай Статкевіч сказаў, што ў зьвязку з гэтым партыя апынулася ў складанай сытуацыі:
«У 2008 годзе маю групу зарэгістравалі і быў эўрапейскі сьпіс амаль з 70 кандыдатаў, бальшыню якога складалі сябры „Народнай грамады“. Яны праз збор подпісаў таксама пайшлі на выбары. Хаця большасьць зь іх не зарэгістравалі, як і мяне. Цяпер, калі мы адразу атрымліваем адмову, то партыя аказваецца ў складанай сытуацыі. Выбараў няма. Ёсьць, безумоўна, нейкія аргумэнты за ўдзел у іх, але старшыня партыі пазбаўлены права ўдзелу ў выбарах. Папярэдняе рашэньне прэзыдыюму было такое: партыя адмовіцца цэнтралізавана праз адну з дэмакратычных партый вылучаць сваіх кандыдатаў. Я думаю, што ў бліжэйшы час адбудзецца пасяджэньне прэзыдыюму. І будзе прынятае пэўнае рашэньне — партыя адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Гэта салідарнае рашэньне маіх калегаў. Мы плянавалі цэнтралізавана вылучыць 27 кандыдатаў, цяпер мы ад гэтага адмовімся. Але пакідаем магчымасьць нашым сябрам ісьці на выбары шляхам збору подпісаў, хто пажадае. Праўда, такіх каля пяці чалавек».
Мікалай Стакевіч адзначыў, што «Народная грамада» будзе рыхтаваць вулічныя мірныя акцыі пратэсту. «Калі нехта за мірныя перамены, ён павінен выводзіць людзей на вуліцы», — кажа палітык.
Магчыма, нам удасца дасягнуць супольнай пазыцыі, каб у дзень галасаваньня дэмакратычных кандыдатаў на выбарах не было.
Паводле Статкевіча, «Народная грамада» зьвернецца да партнэраў па Беларускім нацыянальным кангрэсе, каб яны праявілі салідарнасьць і адмовіліся вылучаць сваіх кандыдатаў:
«Мы будзем зьвяртацца да ўсіх апазыцыйных партый. Магчыма, нам удасца дасягнуць нейкай супольнай пазыцыі, каб у дзень галасаваньня дэмакратычных кандыдатаў на выбарах не было».
Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу выступіла сёньня з заявай. Яна лічыць, што дэмакратычная апазыцыя мусіць выступіць адзінай сілай з патрабаваньнем адкрытых, сумленных выбараў пад міжнародным кантролем. «Цалкам відавочна, што рэжым рыхтуе чарговы выбарчы фарс. Такія безадказныя паводзіны ўладаў толькі паглыбяць крызіс і прывядуць да далейшага зьбядненьня народа. У выніку дзеяньняў улады ствараецца пагроза незалежнасьці беларускай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве рады.
Паводле рады, «„выбары“ будзе праводзіць тая ж група фальсыфікатараў, што і раней». «Дэмакратычныя сілы па-ранейшаму абмежаваныя ў магчымасьцях і сродках для правядзеньня выбарчай кампаніі, ніякіх шанцаў для сумленнай канкурэнцыі ўлада ім не дае», — адзначаецца ў заяве.
З трыццаці рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ да ўвагі пры падрыхтоўцы да „выбараў“ прынятыя толькі дзьве.
«З трыццаці рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ да ўвагі пры падрыхтоўцы да „выбараў“ прынятыя толькі дзьве. Назіральнікі па-ранейшаму пазбаўленыя магчымасьці кантраляваць падлік галасоў. У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі ўключана мізэрнага колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі, удвая меншая, чым на папярэдніх выбарах. Захоўваецца адзін з асноўных інструмэнтаў фальсыфікацый — датэрміновае галасаваньне», — адзначае рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Мікола Статкевіч зьбіраўся балятавацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў VI скліканьня па 105-й Старавіленскай выбарчай акрузе Менску. Рашэньне пра вылучэньне Статкевіча Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй («Народная Грамада»), якая цяпер афіцыйна не зарэгістраваная, было прынятае на пасяджэньні партыйнага прэзыдыюму. Акрамя лідэра, кандыдатамі ў дэпутаты зьбіраліся стаць яшчэ 26 чалавек.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў VI скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.