Вернем украдзеную ўладу народу!
Акцыя з патрабаваннем сапраўдных выбараў 12.09.2016 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску
Ці будуць у нас выбары замест чарговых “вырабаў” для мяне канчаткова робіцца зразумелым пасля фармавання ўчастковых выбарчых камісій, якія павінны лічыць бюлетэні. Сёння, калі камісіі сфармаваны, можна ўжо ўпэўнена сказаць, што выбараў не будзе.
Ізноў рабіць выгляд, што яны лічаць галасы, на кожным ўчастку будуць адмыслова адабраныя супрацоўнікі толькі адной установы – школы, бальніцы, прадпрыемства. Ізноў кіраўнік гэтай установы будзе “галавой адказваць”, каб яны падпісалі за тыдзень да “выбараў” пусты без лічбаў пратакол іх вынікаў – у якасці гарантыі лаяльнасці.
А ў дзень “выбараў” – ужо пратакол з лічбамі, даведзенымі старшыні ўчастковай камісіі спецыяльнай групай раённай адміністрацыі, якая рэальна кіруе працэсам.
Вось толькі на фоне чарговай “элегантнай перамогі” рэжыма над народам жыццё людзей будзе рабіцца ўсё горай, а краіна – працягваць свой зацяжны скачок у бездань.
Каб спыніць без гвалту і крыві тых, хто не можа наталіцца ўладай, нават даказаўшы сваю няздатнасць да яе, каб будаваць нармальнае жыццё, нам патрэбны сапраўдныя выбары. Іх ніхто не падорыць. Іх можна толькі прымусам і ціскам вырваць у хамскае ўлады.
Мікалай Статкевіч, facebook.com