Выбары

Мікалай Статкевіч: Вольных выбараў можна дамагчыся толькі праз Плошчу (+ відэа)

На найбліжэйшых «парламенцкіх выбарах» улады рыхтуюць чарговы выбарчы фарс.

Пра гэта заявіла Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса. Адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч распавядае«Белсату», чаму ён заклікае беларусаў выйсці на плошчу 12 верасня на наступны дзень пасля галасавання.

– «Выбары» яшчэ не скончыліся, але вы ўжо заяўляеце, што яны пройдуць не ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, і будуць фальсіфікацыі. Чаму?

– Выбараў не будзе, таму што выбарчая сістэма Лукашэнкі – сістэма махінацый, сістэма падмену выбараў і іх імітацыяй – некранутая, яна засталася без зменаў. Сістэма грунтуецца на ўчастковых камісіях, у якія ўваходзяць толькі прадстаўнікі аднаго прадпрыемства, школы або бальніцы – яны абавязаны па месцы працы (бо за працу ў такой камісіі адказвае кіраўнік такога прадпрыемства) падпісваць пустыя пратаколы, потым падпісваць якія заўгодна лічбы. Гэтая сістэма засталася без зменаў.

Апазіцыя спрабавала прайсці ў такія камісіі, але камісія – гэта святое. Калі кагосьці пускаюць, то толькі ў вясковых раёнах, дзе ўчасткі маленькія, і звычайна людзей, якія не вельмі вольныя ў сваіх дзеяннях, нават з ліку апазіцыі: тыя, у каго ёсць праца і могуць яе страціць, на якіх можна націснуць.

– Вы таксама планавалі ўзяць удзел у «выбарах», але вашу ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Што стала прычынай таго? Ці не таму, што ўлады загадзя прыбралі моцнага канкурэнта?

– Я не спрабаваў узяць удзел у «выбарах». Я ведаю сучасныя беларускія законы: у мяне судзімасць – я не маю права ўдзельнічаць у так званых выбарах. Па-першае, я хацеў прыцягнуць і беларускую, і міжнародную грамадскасць, што ўмовы нармалізацыі стасункаў Захаду з беларускім рэжымам – не выкананыя.

Палітвязні вызваленыя, але ні з аднаго з іх не знятая судзімасць. Па-другое, я хацеў прыцягнуць увагу да парушэння канстытуцыі. Згодна з ёй абмежавання браць удзел у выбарах праз судзімасць няма.

Паводле канстытуцыі, браць удзел у галасаванні павінны ўсе зняволеныя, хто знаходзіцца ў калоніях і турмах, за выключэннем тых, хто знаходзіцца ў СІЗА. Гэта таксама не выконваецца. Заканадаўства ўвайшло ў супярэчнасць з канстытуцыяй, але ў нас на гэта ўжо ніхто не звяртае ўвагі.

– Ваша прапанова выйсці на плошчу – адзіны шлях дамагчыся сапраўдных выбараў?

– Іншага я не бачу.

– Чаму?

– А якія? Калі вы назавяце мне іншыя – буду вельмі ўдзячны. Вельмі цяжка выходзіць і дамагацца свайго, але іншага шляху няма. Калі нейкія палітыкі, якія называюць сябе апазіцыйнымі, сцвярджаюць пра іншы шлях – яны проста хлусяць. Яны гуляюць з уладай, спадзеючыся на дывідэнды з яе боку. Гэта непрыстойна.

Рэальна – іншага шляху няма.

Улада не падорыць нам выбары, таму што інакш яна рызыкуе страціць сябе – уладу – і свабоду: там шмат злачынцаў. Таму яна ніколі не аддасць нам ўлада добраахвотна. Мы можам толькі забраць ўладу для народа ў гэтага рэжыму.

– Ці спадзеяцеся вы, што акцыя будзе масавай?

– Я раблю тое, што павінен рабіць – тое, што падказвае мне сумленне і пачуццё годнасці. Кожны чалавек павінен рабіць выбар. Гэта хай кожны вырашыць сам для сябе.

Харытя\’97