Выбары

Мікалай Статкевіч: Фарс застаўся фарсам

Можно нават не чакаць дня «галасавання».

Пра гэта ў інтэрв’ю charter97.org заявіў адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч.

— Год таму Лукашэнка выпусціў «апошніх» палітвязняў. Гэты крок прывёў да зняцця санкцый з Беларусі. Ці змянілася што-небудзь праз год?

— Сітуацыя змянілася тэхнічна — рэпрэсіі набылі іншую форму. Замест адміністрацыйных арыштаў сталі даваць вялізныя штрафы.

У «выбарах» зусім нічога не змянілася. На апошніх «прэзідэнцкіх выбарах» мы сутыкнуліся з найгоршай сітуацыяй, калі не было ніводнага рэальна апазіцыйнага кандыдата. На гэтых так званых «выбарах» яны ёсць, але выбарчая сістэма, сістэма фальсіфікацый засталася ранейшай. Можна не чакаць дня галасавання, каб сказаць, што фарс застаўся фарсам.

Што да рэпрэсій. Па-першае, не былі выкананыя ўмовы рэабілітацыі палітвязняў, яны апынуліся пад ціскам. Я ўжо не кажу пра сябе, як у мяне тэлефонны нумар арыштавалі, забаранілі судом кіраваць аўтамабілем і гэтак далей. Але для мяне гэта невялікая праблема ў параўнанні з тым, што я пабачыў.

Колькасць палітвязняў, якія рэальна арыштаваныя паводле палітычных матываў, далей расце. Частка грамадскіх і праваабарончых арганізацый налічылі 16 чалавек, але ў іх няма статусу палітвязняў, бо рэпрэсіі пайшлі ў іншы бок.

Рэч у тым, што большая частка партыйнай апазіцыі за гэтыя пяць гадоў фактычна адышла ад прамога сутыкнення з уладай, і за мінулы год тут мала што змянілася. Асноўны груз рэпрэсій цяпер накіраваны на тых, каго ўлада ўважае за небяспечных. Гэта найперш моладзевыя нефармальныя дэмакратычныя арганізацыі, антыфашысты, анархісты, тыя ж футбольныя фанаты.

Сітуацыя пагоршылася. Рэжыму патрэбныя палітвязні з двух прычын: каб грамадства баялася, і каб было чым таргавацца з Захадам.

— Але ж вы далей нешта рабіце?

— Так, але многім давялося з’ехаць. Людзі апынуліся пад ціскам, ім пагражалі. Безумоўна, нас вельмі лёгка адправіць назад за краты. Мяне, напрыклад, вельмі лёгка пасадзіць. Тры спагнанні — і ўжо не прафілактычны нагляд, які мне быў прызначаны на 8 гадоў, а прэвентыўны. А прэвентыўны гэта, як той казаў, каменданцкая гадзіна, нельга выходзіць уначы. Яшчэ тры адміністрацыйныя пратаколы — турма. А ў мяне іх ужо 11 або 12. Мяне ўжо два разы можна было поўным цыклам прагнаць, як той казаў.

І гэта вісіць на чалавеку. Да таго ж увесь час пагражаюць, запалохваюць і ў выніку палова з вызваленых палітвязняў вымушаная была пакінуць краіну.

— Выходзіць, скасаваныя Захадам санкцыі ні да чаго не прывялі, а нават пагоршылі сітуацыю?

— Еўропа, спалоханая Крамлём, Пуціным, дарма капітулявала перад калгасным дыктатарам не самай вялікай краіны. Захад, фактычна, ахвяраваў сваімі каштоўнасцямі ў надзеі, што ў нас усё будзе ціха, і Беларусь не будзе выкарыстана як плацдарм для магчымай расейскай агрэсіі.

Гэта памылковая пазіцыя, бо беларускі рэжым цалкам залежны ад Расеі. Калі Пуціну вельмі спатрэбіцца, то Лукашэнка нікуды не дзенецца. Бо Лукашэнка дзесяцігоддзямі рабіў усё магчымае, каб Беларусь не змагла абараніцца ад магчымай расейскай агрэсіі.

Ён знішчаў галоўнае: патрыятызм, мову, самасвядомасць. Знішчыў патрыётаў, якія маглі б абараніць краіну. А цяпер раптам у ім убачылі нейкага гаранта. Прызналі гэтыя ганебныя «выбары» нейкім крокам да паляпшэнням і цяпер гатовыя рабіць тое ж самае з так званымі парламенцкімі. Але спісаць з рахункаў цэлы народ і яго волю не выйдзе.

Хартыя\’97