Мікалай Статкевіч: Пагроза для Беларусі існуе толькі з аднаго боку
Краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы зноў трэба падумаць пра кансалідацыю і ўзаемадапамогу.
Пра гэта адзін з лідараў апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў падчас дыскусіі «Геапалітычная сітуацыя ў Міжмор’і (Intermarium) і яе ўплыў на правы чалавека ў Беларусі», якая прайшла 28 верасня ў Варшаве ў межах канферэнцыі АБСЕ пра чалавечае вымярэнне.
Сайт charter97.org прыводзіць поўны тэкст выступу Мікалая Статкевіча:
– Анэксія Крыма стварыла ў Еўропе абсалютна іншую рэальнасць. Перад суседзямі Расеі сталі два істотныя пытанні: што будзе далей і што рабіць.
Кажуць, што генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулых войнаў. Гэта на самай справе так, таму мы можам крыху зазірнуць у іхнія планы. Тым больш, што гісторыя любіць паўтарацца, таму што ландшафты і ментальнасці народаў мяняюцца вельмі павольна.
Давайце ўспомнім досвед краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў апошняй вайне, а дакладней у 1939 – 1940 гадах.
Першая выснова з гэтага досведу – глабальныя хаўрусы не спрацавалі. Чэхаславакіі здрадзілі, Польшча не атрымала ад сваіх хаўруснікаў рэальнай ваеннай дапамогі. Краіны Балтыі і Фінляндыя былі кінутыя сам-насам са сталінскім рэжымам. І зразумела чаму: дэмакратычным урадам вельмі цяжка адправіць паміраць сваіх выбарнікаў за краіны, пра якія яны мала ведаюць.
У той сітуацыі часткова спрацаваў толькі лакальны хаўрус Швэцыі і Фінляндыі. Швэцыя не магла даць палітычнай падтрымкі, зрабіць радыкальную заяву, але яна дала ўсю неабходную ваенную дапамогу. Яна пастаўляла зброю, давала грошы, харчовую дапамогу і нават накіроўвала добраахвотнікаў у Фінляндыю.
Швэды былі блізка, яны разумелі, што будуць наступныя, калі Фінляндыя не выстаіць. Улюбёная стратэгія Савецкага Саюза – шантаж, прымус стварыць савецкія вайсковыя базы, далей дэстабілізацыя ўнутры краіны, датэрміновыя выбары, у выніку якіх ствараецца новы парламент і адбываецца «добраахвотнае» далучэнне да СССР.
Гэта цалкам спрацавала ў Балтыі, але не спрацавала ў Фінляндыі, якая пастанавіла змагацца і выстаяла дзякуючы трываласці фінскага народа, ландшафту баявых дзеянняў і ўмовам надвор\’я, а таксама дапамозе швэдаў.
Чым цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад падзей тых гадоў? Пачнем з прыемнага: няма пагрозы з двух бакоў, пагроза толькі з аднаго боку – з боку Расеі. Другая прыемная навіна: краіна-агрэсар эканамічна і тэхналагічна залежыць ад Захаду, але ёсць і непрыемнае адрозненне – стратэгічная ядзерная зброя, якая знаходзіцца ў Расеі і можа дасягнуць любога пункта нашай планеты.
Спосаб анэксіі Крыма цалкам паўтарае тое, што было ў Балтыі. Ваенная расейская база, дэстабілізацыя, рэферэндум пра далучэнне. Цяпер Беларусі навязваюць расейскія ваенныя базы. Зразумела навошта.
Будапешцкі мемарандум, які гарантаваў суверэнітэт Украіны і Беларусі за вывядзенне ядзернай зброі, не каштуе нават паперы, на якой ён быў напісаны.
Санкцыі за анэксію Крыма мелі сімвалічны характар. Толькі ваенная барацьба ўкраінцаў за Данбас і гібель грамадзянскага самалёта з вялікай колькасцю еўрапейцаў на борце прывялі да больш сур\’ёзных санкцыяў у дачыненні да РФ.
Анэксія Крыма, пасля 70 гадоў дзеяння прынцыпу непарушных межаў, які захоўваў мір на кантыненце, вярнула Еўропу ў звычайны для многіх стагоддзяў стан.
Мы зноў вярнуліся да барацьбы за справядлівыя межы, а як вядома, справядлівых для ўсіх межаў не бывае, і гэта можа прывесці да шэрагу войнаў, але на ўжо больш развітым тэхналагічным узроўні, што можа пагражаць нават самому існаванню нашага кантынента.
Што рабіць краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія памерамі і ўзброенай сілай значна саступаюць агрэсару, каб не стаць ахвярай або гарматным мясам у арміі агрэсара?
Зноў можна вярнуцца да гісторыі. У нас ёсць прыклад, як трэба ствараць шматнацыянальную і шматканфесійную дзяржаву: спачатку Вялікае Княства Літоўскае, потым Рэч Паспалітая, якія стагоддзямі стрымлівалі агрэсію з Усходу, Захаду, Поўначы і Поўдня.
Цяпер, калі заходняя Еўропа перажывае крызіс ідэнтычнасці і гэты крызіс пазбаўляе яе адвагі і волі змагацца з пагрозамі, краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы зноў трэба падумаць пра кансалідацыю і ўзаемадапамогу.
Ці трэба гэта Беларусі? Безумоўна, трэба, але нам так проста не дазволяць быць нейтральнымі. У нас два варыянты: ці мы зможам вырвацца з-пад уплыву Расеі з дапамогай нашых суседзяў і стаць часткай дэмакратычнага аб\’яднання, якое зробіць нашу бяспеку больш устойлівай, ці мы зноў будзем гарматным мясам.
Тыя ж генералы, пра якіх я казаў, ужо даўно нас называюць «беларускім балконам». Месца, дзе мы жывем, наша зямля, наша Радзіма для іх «балкон», з якога яны атакавалі, які перыядычна здавалі і забіралі зноў.
Генералы ўжо гатовыя змагацца супраць пагрозы аб\’яднання магчымых аб\’ектаў сваёй агрэсіі.
Мы толькі разважаем пра прыгожую ідэю Міжмор’я, а яны ўжо рыхтуюцца змагацца супраць яе. Невыпадкова Расея пачала размяшчэнне сваіх войскаў на мяжы Беларусі з горада Клінцы, які знаходзіцца на стыку трох межаў: беларускай, расейскай і ўкраінскай. Гэтая брыгада ў выпадку неабходнасці можа зрабіць рывок да Мазыра. Уздоўж украінскай мяжы за Мазыром пачынаюцца прыпяцкія балоты і, захапіўшы гэты невялікі адрэзак мяжы, яны, у сутнасці, блакуюць усе камунікацыі паміж Беларуссю і Украінай.
Такі манеўр савецкая армія зрабіла ў 1943 годзе, падзяліўшы войска Вермахта на дзве часткі: група арміі «Цэнтр» была адсечаная ад групы арміі «Поўдзень», і яны не маглі манеўраваць і падтрымліваць адна адну. Цяпер генералы баяцца магчымай падтрымкі Украіны і гэтую пагрозу яны рыхтуюцца парыраваць.
Я не планаваў гэтага казаць у выступе, але тут гучалі пытанні пра магчымасці абараніць незалежнасць Лукашэнкам.
Лукашэнка 20 гадоў рабіў усё супраць незалежнасці! Беларуская эканоміка ў сутнасці з\’яўляецца стратным філіялам расейскай, культурная палітыка – вынішчэнне ўсяго беларускага, нацыянальнага, гістарычнай самаідэнтыфікацыі, інфармацыйная палітыка – дамінаванне расейскіх тэлевізійных каналаў.
І ўрэшце, кадравая палітыка, калі ва ўрадзе і сілавых структурах дамінуюць прарасейскія, антыбеларускія кадры.
Цяпер Лукашэнка не можа выправіць нічога, нават калі б захацеў.
Па-першае, будзе рэакцыя Масквы, а па-другое, няма каго адправіць рабіць адбор ненадзейных элементаў, таму што прыйдуць людзі, якія любяць Пуціна значна больш, чым Лукашэнку. Шукаць праціўнікаў Пуціна ў беларускім войску ці КДБ? Гэта смешна!
Лукашэнка застаецца галоўнай пагрозай беларускай незалежнасці.
Беларуская нацыя, беларуская дэмакратычная супольнасць – гэта аснова незалежнасці Беларусі.
У заключэнне я магу сказаць адно: глядзіце на генералаў і рабіце тое, чаго яны больш за ўсё баяцца!