Навіны

Эдуард Пальчыс: Вам яшчэ шмат працаваць

Будынак Мінскага гарадского суда ў пятніцу ранкам літаральна скалануўся ад воклічаў «Жыве Беларусь!», калі быў агучаны вырак рэдактару сайта 1863x.com блогеру Эдуарду Пальчысу. Маладзёна выпусцілі з клеткі ў залі пасяджэнняў і знялі кайданкі.

Эдуарда Пальчыса судзілі за яго публікацыі на ўласным сайце. Дзевяць з іх суд вызначыў як эстрэмісцкія, а ў адной знайшоў “распаўсюд парнаграфіі”.

Абвінавачанага трымалі ў клетцы пад моцнай аховай, яшчэ адзін вядомы блогер Антон Матолька налічыў ажно сем моцных дзецюкоў, якія знаходзіліся ў залі судовых пасяджэнняў.

 Падтрымаць Пальчыса, які вядомы яшчэ пад нікам Jhon Silver, прыйшлі дзясяткі людзей. Самая вялікая зала Мінгарсуда не змагла ўмясціць усіх жадаючых стаць сведкамі агалошвання выраку. Сярод тых, хто прыйшоў на апошні дзень судовага працэсу, былі экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец, лідары Руху “За свабоду” Юры Губарэвіч і Алесь Лагвінец,старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і ягоны намеснік Міхась Янчук, а таксама шматлікія актывісты дэмакратычнага руху, сярод якіх былі Павал Вінаградаў, Андрэй Кім, Вячаслаў Сіўчык, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель і шмат хто яшчэ. Тут, натуральна, былі бацькі і жонка абвінавачанага. 

 

 Так атрымалася, што прысуд супаў з Днём нараджэння Эдуарда, таму невыпадкова Зміцер Дашкевіч прыйшоў з вялікім букетам кветак.  

Варта адзначыць, што прысутным давялося прайсці праз два эшалоны кантролю — спачатку на ўваходзе ў будынак суда, потым пры ўваходзе непасрэдна ў залу, дзе мусіў быць абвешчаны вырак Пальчысу. Такім мерам бяспекі маглі пазайздросціць адпаведныя службы аэрапортаў — усіх “прашманалі” па поўнай праграме. 

 Згодна з заканадаўствам, паколькі сам працэс над Эдуардам Пальчысам адбываўся ў закрытым рэжыме (так і засталося незразумелым, навошта), суддзя зачытаў толькі прысуд і прызначыў маладзёну пакаранне ў выглядзе 1 года і 9 месяцаў абмежавання волі па месцы жыхарства. Хоць пракурор патрабаваў для блогера тры з паловай гады рэальнага зняволення. Такім чынам, улічваючы тэрмін знаходжання Пальчыса ў СІЗА і ў медычных установах падчас правядзення экспертызаў, блогеру засталося адбыць на хатняй “хіміі” толькі адзін месяц. Зараз Эдуард знаходзіцца пад падпіскаю аб нявыездзе.

 На прыступках будынку суда Эдуард сказаў, што не вызнае сябе героем, а толькі блогерам. “Дзякую ўсім тым, хто мяне падтрымліваў і змагаўся за маё вызваленне. Тое, што я на волі, — гэта найперш ваша заслуга. Але ў вас яшчэ шмат працы, бо ў Беларусі дагэтуль застаюцца палітзняволеныя, гэта Андрэй Бандарэнка, Міхаіл Жамчужны ды некаторыя іншыя”, — адзначыў Пальчыс. Пасля гэтага прылеглую да Мінгарсуда мясцовасць зноў пакрыў шматгалосы вокліч “Жыве Беларусь!”. 

 Нягледзячы на агульную эйфарыю, былы палітвязень Мікалай Статкевіч звярнуў увагу на тое, што Эдуард Пальчыс усё ж быў не апраўданы, а асуджаны, хоць і не на так моцна, як таго патрабаваў пракурор. “Мы радуемся, што ён на свабодзе, але ён пакараны. Ён пакараны за словы ў абарону незалежнасці Беларусі. Ён, па сутнасці, адзін з нямногіх, хто спрабаваў супрацьстаяць інфармацыйнай агрэсіі, ваеннай расійскай прапагандзе, якая ездзіла па мазгах беларусаў. Дзяржава пабаялася бараніць беларусаў ад гэтай прапаганды, а ён абараняў. Яго за гэта трэба было б узнагародзіць, аднак яго пакаралі, але дзякуй Богу, што не вельмі жорстка”, — адзначыў палітык.

Новы Час