Калі ласка, у сапраўдную рэальнасць!
Ацэньваючы сённяшні беларускі рэжым я часта ўжываю выразы “злачынцы ва ўладзе”, “банда, захапіўшая краіну” і аналагічныя. Я адчуваю пэўнае псіхалагічнае непрыняцце такіх ацэнак з боку часткі людзей, якія маюць дэмакратычныя перакананні.
На мой погляд, справа не толькі ў іх запалоханасці. Калі прыняць ужытыя мной ацэнкі, то трэба нешта рабіць, каб выправіць нашу дзікунскую для еўрапейскай краіны ў XXI стагоддзі сітуацыю. А на гэта не стае надзеі, мужнасці, рашучасці. Таму для многіх людзей прасцей прывыкнуць, прыстасавацца, пераканаць сябе ў амаль нармальнасці свайго жыцця, прыдумаць сабе лепшую рэальнасць.
Але калі мы не зменім сённяшняе становішча, то ў бліжэйшыя гады краіна апынецца ў значна больш цяжкай і страшнай рэальнасці, схавацца ад якой ужо не атрымаецца.
Першы крок да змены рэальнасці – прызнанне гэтай рэальнасці. А яна такая, што мае вышэйпрыведзеныя выразы – не радыкальная рыторыка, а юрыдычна дакладнае апісанне сітуацыі, у якой усе мы апынуліся.
Калі ласка ў сапраўдную рэальнасць!
Мікалай Статкевіч, Facebook