Рада БНК: "Патрабуем вызваліць прафсаюзных лідараў!"
Беларускі нацыянальны кангрэс патрабуе неадкладнага вызвалення прафсаюзных лідараў. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Рады БНК з нагоды сённяшніх затрыманняў кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП.
ЗАЯВА РАДЫ БНК
“Патрабуем вызваліць прафсаюзных лідараў!”
Рэжым арыштаваў лідара прафсаюза РЭП, старшыню сацыяльна-эканамічнай камісіі Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Генадзя Фядыніча. Таксама арыштаваны іншыя прафсаюзныя лідары.
Рада БНК лічыць, што гэтыя арышты выкліканы страхам рэжыма перад народнай нянавісцю да яго і спробамі не дапусціць будучай восенню масавых пратэстаў супраць антынароднай палітыкі ўладаў.
Вымушаны адпусціць арыштаваных па груба зляпанай “справе баевікоў”, рэжым шукае іншых ахвяраў, каб запалохаць патэнцыйных удзельнікаў восеньскіх пратэстаў.
Таксама нянавісць рэжыма выклікала сацыяльная актыўнасць прафсаюза РЭП, асабліва яго эфектыўная кампанія па збору сродкаў на дапамогу рэпрэсаваным за ўдзел у пратэстах.
Рада БНК звяртае ўвагу заходніх партнёраў беларускага рэжыма на арышты прафсаюзных лідараў. Гэтыя арышты сведчыць, што спробы залагодзіць дыктатара, заплюшчыўшы вочы на грубыя парушэнні ім правоў чалавека, вядуць толькі да ўзмацнення рэпрэсій. Нагадваем, што рэжым пайшоў на брутальныя дзеянні супраць незалежных прафсаюзаў неўзабаве пасля сесіі Парламентскай асамблеі АБСЕ ў Мінску і пасля аслаблення ціску Міжнароднай арганізацыі працы на беларускія ўлады.
Рада БНК лічыць дзеянні рэжыма яшчэ адным сведчаннем унутранай акупацыі краіны злачыннай групоўкай і патрабуе неадкладнага вызвалення Генадзя Фядыніча, Аляксандра Ярашука і іншых арыштаваных прафсаюзных лідараў.
Калі злачынныя дзеянні ў адносінах да прафсаюзных лідараў не будуць спынены, то мы зробім лозунг іх вызвалення адным з асноўных на Акцыі папярэджання, якая пачнецца 8 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Мы заклікаем да ўдзелу ў Акцыі папярэджання актывістаў дэмакратычных партый і арганізацый, незалежных прафсаюзаў, усіх грамадзян, якія жадаюць вызвалення краіны.
Вызвалім Беларусь з-пад унутранай акупацыі і не дапусцім знешняй агрэсіі!
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!
2 жніўня 2017г.