Генадзь Фядыніч на волі, Ігар Комлік — на Акрэсьціна
Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і былая рэдактарка прафсаюзнага сайту praca-by.info Натальля Пічужкіна адпушчаныя пасьля допыту.
Тэлефоны Фядыніча і Пічужкінай пакуль недаступныя.
Паводле Андрэя Стрыжака, галоўны бухгальтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік накіраваны ў менскі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў.
Як паведамляла Свабода, 2 жніўня адбыліся ператрусы ў офісе прафсаюзу, а таксама дома ў Фядыніча, Комліка і Пічужкінай. Сканфіскавалі электронныя носьбіты, жорсткія дыскі кампутараў і дакумэнтацыю.
Акрамя таго, ператрус прайшоў у офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску. Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК) сканфіскавалі ноўтбукі і жорсткія дыскі кампутараў.
Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы паводле фактаў ухіленьня ад выплаты падаткаў.
«Органамі фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па фактах ухіленьня ад выплаты падаткаў пачатая крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўнікоў аднаго з прафсаюзаў Рэспублікі Беларусі, якія не ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
У ходзе праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгальтар прафарганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэньня адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту.