Актуальна

Вызвалены магілёўскі актывіст, якога абвінавачваюць у распаўсюдзе парнаграфіі

Пасьля трох сутак зьняволеньня выйшаў на волю магілёўскі сябра аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслаў Паўлінковіч. Цяпер ён знаходзіцца дома.

Як расказаў сам актывіст, з ізалятару сьледчая Бяляева адвезла яго ў аддзяленьне Сьледчага камітэту, дзе і аформіла пастанову аб вызваленьні — паводле ч.1 арт. 114 Крымінальнага кодэксу.

Станіслава Паўлінковіча вінавацяць у тым, што ён разьмясьціў у сацыяльных сетках відэаролік парнаграфічнага зьместу. Ад 7 сакавіка праводзілася праверка, 10 жніўня заведзеная крымінальная справа. Актывіст зьяўляецца фігурантам справы, знаходзіцца ў статусе падазраванага без падпіскі пра нявыезд.

Сваё затрыманьне на 72 гадзіны Паўлінковіч зьвязвае найперш з апазыцыйнай дзейнасьцю. Таксама лічыць, што гэта была спроба запалохваньня напярэдадні акцый пратэсту супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017».

Паводле Паўлінковіча, ён застаецца пад увагай сілавых структураў, паколькі рэгулярна разьмяшчае на сваіх старонках заклікі да ўдзелу ў акцыях пратэсту. Сябе вінаватым не прызнае.

Станіслаў Паўлінковіч расказаў, што ў ізалятары сядзеў разам з хлопцам, затрыманым з падазрэньня ў вырабе выбухованебясьпечных прадметаў. Яшчэ адным суседам быў мужчына з крымінальным мінулым, хоць, згодна з працэсуальнымі нормамі, забаронена ўтрымліваць разам крымінальнікаў і падазраваных паводле адміністрацыйнага артыкулу.

Радыё Свабода