Уладзiмiр Някляеў: Размінуліся ў дарозе
Вызвалілі мяне – арыштавалі Статкевіча. Мы нават не паспелі сустрэцца. Размінуліся ў дарозе. Я з турмы – ён у турму.
Цяпер ён у той камеры, у якой быў я. Каго ён там убачыць?..
Алеся, якія сядзіць праз тое, што не мае дзе жыць. Яго забралі са сметніку. Адсядзіць 15 сутак – і яго выкінуць на той жа сметнік, каб потым зноў пасадзіць.
Іллю, які паліў сухое вецце ў сваім садзе і падсмаліў дзве дошкі ў суседскім плоце? А суседка, аказалася, сябруе з участковым.
Мікалая, які галадае, бо не лічыць сябе вінаватым у тым, у чым яго звінавацілі. А яго не лічаць чалавекам – і ніхто не зважае на тое, што ён галадае…
Гэтыя людзі будуць пытацца ў Статкевіча, як і ў мяне, чаму іх пасадзілі? Думаю, што Мікола адкажа ім прыблізна тое самае, што адказваў я. Калі коратка: бо жывеце ў паліцэйскай дзяржаве.
Як і Статкевіч, я апынуўся ў той турме, у той камеры праз намаганні зрабіць дзяржаву іншай. І не трэба мне даводзіць, як сёння спрабаваў гэта зрабіць адзін мой даўні знаёмец, што мае намаганні марныя. У адрозненне ад майно даўняга знаёмца, які сем дзён быў на Кіпры, я сем дзён і сем начэй слухаў аповеды Алеся, Іллі, Мікалая пра іх раструшчанае гэтай паліцэйскай дзяржавай жыццё, пра іх знявечаныя гэтай дзяржавай лёсы.
Уладзiмiр Някляеў, Facebook