Грамадская акцыя

Статкевіч і 200 дэманстрантаў прайшлі па праспекце Незалежнасці «Маршам абураных беларусаў 2.0»

14:48

Наша анлайн-трансляцыя сканчваецца. Дзякуй за ўвагу!

14:46

Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса мусіць вырашыць, ці варта праводзіць акцыі ў рэгіёнах. Канкрэтных дат у Статкевіча пакуль няма.

14:45

«Акцыя прайшла годна», — падсумоўвае Статкевіч вынікі мерапрыемства для журналістаў.

14:44

Мікола Статкевіч нагадвае, што налета чакаецца 100-годдзе абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Пад воклічы «Жыве Беларусь!» ён завяршыў акцыю.

14:42

Статкевіч вырашыў не весці людзей да Дома ўрада, спыніліся каля Чырвонага касцёла.

14:41

«Лукашэнка, сыходзь! Свабоду!» — крычаць дэманстранты.

14:39

Людзі дайшлі да плошчы Незалежнасці. Чакаем кароткага выступу Міколы Статкевіча.

14:35

14:33

14:28

Шэсце прайшло будынак КДБ. Дождж прымушае рухацца шпарчэй. Найхутчэй, агулам акцыя працягнецца не больш за 40-50 хвілін.

14:26

14:20

Шэсце пад парасонамі — так можна назваць сённяшнюю акцыю пратэсту.

14:18

Мікола Статкевіч расказвае, што 10 дзён не жыў дома, каб пазбегнуць арышту. Сёння цэлую ноч давялося ехаць за стырном, смяецца ён.

14:16

Як бачым, мітынг быў кароткім — выступілі толькі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык.

Цяпер актывісты рушаць па ходніках праспекта Незалежнасці.

Акцыя не самая шматлікая — каля 200 чалавек.

14:15

Статкевіч ладзіць шэсце ў бок да плошчы Незалежнасці. Разам з тым на будучыню ён заклікае перанесці пратэсты са сталіцу ў рэгіёны.

14:11

«Шура, не будзь Януковічам, не піліце залаты батон» — такі плакат трымае таксіст Леанід Кулакоў.

14:10

Карэспандэнты «НН» перадаюць, што на Кастрычніцкай плошчы каля 200 актывістаў.

14:08

Удзельнікі акцыі скандзіруюць «Жыве Беларусь!». Яны трымаюць расцяжку з заклікам да Лукашэнкі не рабаваць народ.

Кіраўніка краіны называюць «Лукашэску» з відавочнай асацыяцыяй з Румыніяй.

14:07

«Мы трымаем шлях змагання за новую Беларусь! Мы будзем шукаць новыя формы барацьбы. Мы будзем спрабаваць абараніць людзей у рэгіёнах. Сёння мы зноў пакажам беларусам, што нельга стаяць на каленях», — выступае Мікола Статкевіч.

14:00

«Калі пакрыўдзяць хоць яшчэ аднаго салдата, мы выведзем на вуліцы палову краіны», — абяцае ўдзельнік з Лунінца. «Гэта проста жах», — кажа ён пра трагедыю з Аляксандрам Коржычам.

13:59

Якая-ніякая гукаўзмацняльная тэхніка ва ўдзельнікаў акцыі ёсць. Яны ўключылі на плошчы песні Сяргея Міхалка.

Тым часам актывісты разгортваюць бел-чырвона-белыя сцягі.

13:57

Надвор\’е ў Мінску найнепрыемнае — каля 5-6 градусаў цяпла, але накропвае няспынны дождж.

13:54

Мікола Статкевіч запэўнівае, што разбіральніцтва вакол сітуацыі ў Печах чыноўнікі пачалі толькі тады, калі дзедаўшчына ў войску стала тэмай акцыі пратэсту.

13:52

На плошчы ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Шмат асобаў у цывільным, якія фільмуюць іх.

13:50

На плошчы з’явіўся Мікола Статкевіч. Палітык распавёў, што частка гукаўзмацняльнай апаратуры была канфіскаваная міліцыяй.

13:36

Пакуль жа варта праінфармаваць пра прэвентыўныя затрыманні ў рэгіёнах. У Маладзечне — кіраўнік абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандр Абрамовіч, а таксама сябра партыі АГП Генадзь Фарыно.

А ў Баранавічах затрымалі прафсаюзнага актывіста Рыгора Грыка.

13:34

Наша тэкставая трансляцыя з акцыі пачнецца ў 13:50.

Былы палітвязень і экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч 21 кастрычніка праводзіць вулічную акцыю пратэсту «Марш абураных беларусаў 2.0».

Палітык заклікае людзей прыйсці а 14:00 на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску.

Сярод тых пытанняў, якія плануецца разгледзець на плошчы: дэкрэт аб «дармаедах», павышэнне заробкаў і пенсій, а таксама смерці навабранцаў у войску. Апошні пункт стаў актуальны пасля трагічнай гібелі ў вайсковай часці ў Печах прызыўніка Аляксандра Коржыча.

Напярэдадні акцыі многія лідары вулічных пратэстаў былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі: Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, завочна асуджаны Вячаслаў Сіўчык.

Папярэднюю акцыю пратэсту Статкевіч праводзіў 8 верасня — у Дзень беларускай вайсковай славы, — тады на яе сабралася каля трохсот чалавек. Людзі прайшлі шэсцем ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Якуба Коласа. У той раз удзельнікі пратэставалі супраць вучэнняў «Захад-2017».

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.
https://nn.by/?c=ar&i=199408

Зміцер Панкавец, Кацярына Карпіцкая, фоты Сяргея Гудзіліна