Навіны

Яўген Афнагель: Мяне затрымлівалі ў лесе 20 супрацоўнікаў міліцыі

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» распавёў пра «знакі часу» і амаль дэтэктыўную гісторыі свайго арышту.

«Час сам падае нам знакі, што рабіць дзеля годнага і свабоднага жыцця»: пра гэта ў інтэрв\’ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель, які адбыў 15 дзён адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі папярэджання 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

– Як адбывалася вашае затрыманне напярэдадні Марша абураных беларусаў 2.0?

– Мяне затрымалі ў лесе. Затрымлівалі, паводле маіх падлікаў, блізу 15-20 супрацоўнікаў АМАПа і прадстаўнікі кіраўніцтва менскай міліцыі.

– Гэта ўжо цікава. Можна падрабязней – чаму менавіта ў лесе?

– Раніцай 11 кастрычніка я знаходзіўся ў сваіх сяброў. Раніцай я заўважыў, што каля іх дома бадзяюцца падазроныя асобы. Навучаны досведам падпольнай барацьбы і канспірацыі мінулых гадоў, я вылецеў з дома праз гарышча і паглыбіўся ў лес, які знаходзіўся непадалёк.

У лесе я паспеў прайсці каля паўтары кіламетраў. І нечакана, як грыбы з-пад зямлі, з\’явіліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Я ўжо казаў, што іх было прыкладна паўтара-два дзясяткі чалавек.

Пасля затрымання мяне даставілі ў мікрааўтобус, дзе яшчэ былі супрацоўнікі міліцыі, і потым павезлі ў РАУС Маскоўскага раёна. Там мне сказалі, што суд Маскоўскага раёна прысудзіў мяне да 15 дзён арышту за Акцыю папярэджання 8 верасня, і я павінен ехаць на Акрэсціна. Пры гэтым ні пратаколу, ні пастановы суда не паказалі.

– Чым запомніўся гэты арышт”? Нешта змянілася ў настроях людзей на Акрэсціна – і арыштаваных, і аховы?

– Я ў турме быў далёка не ў першы раз, але цяпер кінулася ў вочы адна асаблівасць, з якой можна меркаваць аб сацыяльнай сітуацыі ў краіне агулам.

Калі раней на Акрэсціна, акрамя палітычных, знаходзіліся сацыяльна дэкласаваныя элементы, то сёння большасць адміністрацыйных затрыманых – гэта нармальныя, дарослыя, сямейныя людзі са стабільнай працай. І арыштаваныя яны ў асноўным за дробныя крадзяжы ў крамах. Гэта значыць, звычайным прыстойным людзям, якія маюць працу, банальна не стае на жыццё і ўтрыманне іх сем\’яў.

Сацыяльная-эканамічная сітуацыя ў краіне стала такой, што на дробныя крадзяжы ідуць не валацугі, а нармальныя, прыстойныя людзі, якія працуюць на прадпрыемствах – тыя, каго раней прылічвалі да працоўнага класу. І гэта – вельмі важны сімптом, знак часу.

– З якім настроем выйшлі на свабоду?

– Як заўсёды – з баявым.

– А на чым заснаваны ваш баявы настрой? У чым чэрпаеце прысутнасць духу?

– Ёсць пэўныя рэчы, якія дапамагаюць мне і маім паплечнікам рабіць тое, што мы робім: выходзіць на акцыі пратэсту, не згаджацца з несправядлівасцю.

Гэта – вера ў тое, што наш народ заслужыў годнага жыцця. Беларусы пераадолелі няпросты гістарычны шлях і, я ўпэўнены, заслужылі права на тое, каб жыць у нармальнай, свабоднай, дэмакратычнай краіне, дзе іх правы будуць паважаць, а сем\’і будуць зарабляць так, каб не думаць кожны вечар пра тое, як дацягнуць да заробку.

Вера ў тое, што так павінна быць, і так будзе – і ёсць крыніцай энэргіі. Моц для далейшай барацьбы дае звычайная упэўненасць у сваёй праваце: тое, што мы робім, – гэта добра, а справы нашых апанентаў – гэта нешта не вельмі правільнае.

Хартыя97