Знічкі ля КДБ і асабістае
Маўклівая акцыя са знічкамі, якая прайшла ля КДБ з ініцыятывы Вячаслава Сіўчыка і Мікалая Статкевіча — добрая нагода ўзгадаць не толькі расстраляных пад час сталінскіх рэпрэсій. Але і асабістае.
На акцыю прыйшло дваццаць пяць чалавек. Яе ўдзельнікаў было прыкладна столькі ж, колькі асобаў у цывільным, якія назіралі за яе правядзеннем. Яны звыкла здымалі людзей са знічкамі на відэакамеры і проста стаялі групамі ўбаку. Правядзенню акцыі ніяк не перашкаджалі.
Цікава было тое, як і што распавядалі ўдзельнікі ланцуга журналістам. Міаклай Статкевіч узгадваў сваіх рэпрэсаваных продкаў. А Максім Вінярскі параўноўваў сённяшнюю «Амерыканку» (унутраную турму КДБ) і мінулае. Маўляў, сёння там таксама кажуць падследным: «Падпішы прызнанне, табе палёгка выйдзе». А потым, калі пасля прызнання людзям даюць максімальныя тэрміны, тыя здзіўляюцца: «Я ж усё падпісаў!». Тое ж самае, па яго словах, адбывалася і тады. Толькі 80 гадоў таму людзей пасля тых прызнанняў вывозілі ў Курапаты і расстрэльвалі, а зараз — толькі садзяць на вялікія тэрміны…
Тым часам журналісты міжсобку размаўлялі і пра сваіх продкаў, якія таксама былі рэпрэсаваныя. То бок акцыя была нагодай прыгадаць і сваё, асабістае. І неяк так апынулася, што шмат у каго з іх родзічы так ці інакш пацярпелі ў час хваляў рэпрэсій.
Цікава, пра што размаўлялі тыя «асобы ў цывільным», якія групаваліся вакол удзельнікаў акцыі і назіралі за імі? Можа быць, таксама пра сваіх продкаў? Бо выяўляецца, што як, паводле савецкага міфу, у кожнай сям’і ёсць пацярпелыя ў Вялікай Айчыннай вайне, так і ўжо без усялякіх міфаў амаль у кожнага былі продкі, якія трапілі пад каток сталінскіх рэпрэсіяў.
І нават тыя, хто зараз служыць у КДБ, таксама маюць рэпрэсаваных продкаў. Нават калі ў іх гэтая служба «спадчынная». Бо за адной хваляй рэпрэсій ішла другая, за другой — трэцяя, і часцяком у гэтыя другія-трэція хвалі траплялі тыя, хто праводзіў рэпрэсіі першыя.
Канешне, не абышлося без партрэтаў расстраляных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, і без вершаў расстраляных паэтаў.
Акцыя доўжылася недзе паўгадзіны, пасля чаго скончылася традыцыйна, людзі пакінулі знічкі і партрэты ля прыступкаў КДБ. А Мікалай Статкевіч напрыканцы сказаў, што калі-небудзь архівы КДБ абавязкова будуць раскрытыя, і тады мы сапраўды даведаемся пра лёс усіх, хто, дзе і якім чынам трапіў у рэпрэсіўнае кола.
Можа быць, і тыя, хто назіраў за гэтай акцыяй «па доўгу службы», таксама былі б зацікаўленыя ў раскрыцці архіваў КДБ. Можа быць, і яны б даведаліся больш пра сваіх продкаў.
80 гадоў таму ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКУС у Мінску былі расстраляныя больш за 130 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў.
І гэта была не апошняя акцыя з нагоды «цёмнай ночы беларускай гісторыі». Усю ноч з 29 на 30 кастрычніка у Курапатах сябры зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады Фронт» будуць чытаць вершы расстраляных паэтаў.