Беларускі Нацыянальны Кангрэс

ЗВАРОТ РАДЫ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ ДА БЕЛАРУСКАГА ГРАМАДСТВА

Ніхто не прынясе нам свабоду, не падорыць годнае жыццё. Зрабіць сваю краіну свабоднай і годнай нельга без рызыкі, самаахвярнасці, мужнасці і волі. Мы імкнемся прымусіць незаконны, бандыцкі, ненавідзімы народам рэжым да зменаў у тым ліку праз мірныя вулічныя акцыі. Мы дамагаемся, каб у нашай краіне былі праведзены датэрміновыя сумленныя прэзідэнтскія і парламентскія выбары пад міжнародным кантролем. Мы хочам абараніць інтарэсы простых людзей.

Прымусіць рэжым да мірных перамен – гэта самаахвярны шлях найперш для тых, хто бярэ на сябе адказнасць за пратэстныя акцыі, хто праз іх сутыкаецца з рэпрэсіямі. Але іншага шляху да перамен няма.

На гэтым шляху мы маем поспехі. Вясной рэжым, напалоханы народнымі пратэстамі, мусіў прыпыніць дзеянне падатку на беспрацоўных. А гэтай восенню, напярэдадні “Марша абураных беларусаў 2.0”, адмовіўся ад ужо запланаванага з 1 кастрычніка новага варыянту падатка на беспрацоўных. Напалоханыя Маршам улады мусілі адрэагаваць і на народнае абурэнне забойствамі навабранцаў у войску.

Рэжым таксама нясе страты праз рэпрэсіі, якім падвяргае арганізатараў пратэстаў. Мінулай вясной народ канчаткова зразумеў, што краіна акупавана незаконнай, хлуслівай уладай, што намі правіць банда злачынцаў. Міжнародныя адбельвальнікі рэжыму мусілі сцішыць свой імпэт. Рэжым не здолеў атрымаць мільярды крэдытаў на ўтрыманне вялізнай арміі сваіх “сілавікоў” і чыноўнікаў.

Наш шлях да свабоды і годнага жыцця нялёгкі. У народнай барацьбе за свабоду і годнасць бываюць спады і пад\’ёмы. Але вельмі важна, каб барацьба не перарывалася, каб заўсёды знаходзіліся смелыя людзі, здольныя ўзняць сцяг змагання, каб супраціў рэжыму не спыняўся. Бо як толькі мы прыпынім супраціў, рэжым можа скасаваць здабыткі нашай барацьбы.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс вядзе чарговы этап сваёй кампаніі “Уладу – народу!” Гэта наша барацьба супраць спроб рэжыму вырашаць свае праблемы за кошт збяднення людзей. Мы плануем перанесці наш пратэст у рэгіёны, дзе будзем прапаноўваць новыя формы пратэсту.

Галоўная акцыя кампаніі «Уладу – народу!», якую мы плануем правесці сумесна з усімі беларускімі дэмакратычнымі сіламі, пройдзе ў 100-ю гадавіну Дня Волі – 25 сакавіка наступнага года. Яна пачнецца на мінскай плошчы Якуба Коласа. Мы адстаім нашу свабоду, даможамся народаўладдзя. Супольна мы зробім Беларусь дэмакратычнай, свабоднай і квітнеючай.

Уладу – народу! 
Жыве Беларусь!

facebook.com