Статкевіч: Словы ўжо не дзейнічаюць, дзейнічаюць толькі прыклады
Пасля выхаду вядомага палітыка Мікалая Статкевіча з турмы, у Менску пачалі адбывацца акцыі пратэсту з яго ўдзелам. Звычайна акцыі нешматлюдныя, акрамя вясенніх масавых выступаў супраць дэкрэта “аб дармаедах”.
Чаму людзі не падтрымліваюць вулічныя акцыі і чаму апазіцыйныя партыі таксама ў баку, расказвае Мікалай Статкевіч: – Я думаю справа ў тым, што беларусы хоць у большасці сваёй і ненавідзяць гэтую ўладу, але ўсё ж такі людзі практычныя. Яны чакаюць, глядзяць адзін на другога: вось калі ўсіх будзе шмат, тады і далучымся. Зараз атрымалася такая сітуацыя, што Беларускі Нацыянальны Кангрэс арганізуе гэтыя акцыі, а ўся астатняя апазіцыя даўно пераўтварылася ў пакаёвую. Яны ў пэўнай ступені каманда большасці. А ўсе астатнія – заўзятары. Вось яны заўзеюць за нас, лаюць нас страшэнна, калі мы кепска згулялі. Але яны не хочуць выйсці на поле і згуляць з намі.
РР: Чаму ўсё ж такі партыі вас не падтрымліваюць?
Мікалай Статкевіч: Ім, па-першае, страшна. А па-другое, восем спецслужбаў столькі гадоў працуюць. Яны ж не дарэмна гэта робяць. Па-сутнасці, за права спакойна абазначаць партыю, мець офіс і рэгістрацыю даводзіцца плаціць. І гэта негалосная плата. Пяць гадоў, пакуль я сядзеў, у цэнтры Менска не было мітынгаў апазіцыі. Я выйшаў, пачаў паказваць. Каралі штрафамі. Я штрафы не плаціў. Калегі пацягнуліся. Ім штрафы аплочвалі праваабаронцы, і ўсё было цудоўна, і ўсе былі мужнымі. Але пасля трэба было толькі пачацца адміністрацыйным арыштам, зноў сядзяць, як мышы пад венікам. Зноў пакаёвыя. Гэта гаворыць, на жаль, пра тое, што такі працяглы ціск многія проста не здольныя вытрымліваць. Словы ўжо не дзейнічаюць, дзейнічаюць толькі прыклады. Калі мы будзем проста казаць словы, гэтае грамадства ўвогуле згніе. Таму што людзі будуць думаць – усюды адныя балбатуны, трэба выжываць. Можна зрабіць для дэмакратыі, для свабоды толькі адно – выйсці і паказаць як трэба. Людзі ідуць за прыкладам. Хрысціянства не было б, каб не было пакутніцкага прыкладу Ісуса.
РР: А Вы не баіцеся, што нешта прыдумаюць нашыя спецслужбы, каб знішчыць Вас?
Мікалай Статкевіч: У мяне „баялка” даўно адсохла.
Паводле Мікалая Статкевіча, зараз людзям трэба хаця б падтрымаць тых, каго ўлады караюць. Падтрымаць, чым могуць і як могуць, калі баяцца падтрымліваць акцыі.