Грамадская акцыя

Яўген Афнагель: БНК прапанаваў годна адзначыць Дзень Волі

Падзеі стогадовай даўнасці ясна паказваюць, як трэба гэта рабіць. 

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель:

«100 гадоў таму ў Менску адкрыўся Першы Усебеларускі кангрэс, які стаў падмуркам абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.

Праз некалькі месяцаў мы будзем святкаваць юбілей аднаўлення незалежнасці нашай дзяржавы. Падзеі стогадовай даўнасці ясна паказваюць, як гэта трэба рабіць.

Дэлегаты Першага Усебеларускага кангрэса не ладзілі выстаў і канцэртаў на ўскраінах гарадоў, не хаваліся па кавярнях і партыйных штабах. Не пыталі дазволу ў ворагаў, якіх тады было больш, чым цяпер.

Яны разумелі, што без годнай дэманстрацыі волі народа да стварэння сваёй дзяржавы гэтай дзяржавы ніколі не будзе. Таму і сабраліся ў цэнтры Менска, здолелі пераадолець вострыя супярэчнасці і рознагалоссі і першай сваёй рэзалюцыяй абвясцілі незаконнай уладу бальшавікоў на тэрыторыі краіны.

Гэта быў важны крок на шляху да стварэння сваёй дзяржавы. Пасля было шмат цяжкасцяў і страт, але без гэтай падзеі не атрымалася б ні 25 сакавіка, ні незалежнай Беларусі сёння.

Дзень Волі, да якога застаецца пару месяцаў, таксама можа стаць важным крокам да аб\’яднання патрыётаў і перамен у краіне. Беларускі Нацыянальны Кангрэс прапанаваў годна адзначыць гэтае свята – так, каб не было сорамна перад нашымі продкамі. Сабрацца ў цэнтры Менска і правесці шэсце па праспекце Незалежнасці. Дэманстрацыя ў гадавіну стварэння БНР павінна і сёння пераканаць усіх ворагаў нашай краіны, што мы гатовыя абараняць яе. Святкаваннем па клубах і кватэрах гэтага не даб\’ешся.

Акцыю трэба рыхтаваць разам – усім, для каго важныя свабода і незалежнасць краіны. Сто гадоў таму патрыёты неяк змаглі дамовіцца паміж сабой дзеля галоўнай мэты. Зможам сёння?»

Хартыя\’97