Сем гадоў таму беларусы выйшлі на Плошчу
19 снежня 2010 года адбылося беларускае Паўстанне годнасці. Сёння – сёмая гадавіна беларускай Плошчы.
У гэты дзень ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзесяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў. Яна стала самай масавай акцыяй пратэсту ў Беларусі за апошнія гады. Але мірны пратэст быў жорстка падаўлены міліцыяй і ўнутранымі войскамі.
Затрыманні, допыты і арышты актывістаў апазіцыі працягнуліся на працягу некалькіх месяцаў. Больш за 700 чалавек былі кінутыя за краты, дзесяткі збітых патрапілі ў бальніцы. У дачыненні да 46 лідараў і актывістаў апазіцыі, у тым ліку супраць кандыдатаў у прэзідэнты распачалі крымінальныя справы, многія з іх трапілі ў турмы на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Тысячы беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму, баючыся крымінальнага пераследу.