Асабістая думка

ПАЛІТЫЧНАЯ АПАЗІЦЫЯ НЕ МАЕ ПРАВА НА "СТАКГОЛЬМСКІ СІНДРОМ"

Палітычная апазіцыя ў несвабоднай краіне не мае права спыняць барацьбу за свабоду і правы людзей, супраць дыктатуры. Яна не мае права на “стакгольмскі сіндром”.

Многія сёння наўмысна ці па няведанню блытаюць палітычную апазіцыю з непалітычнымі грамадскімі арганізацыямі ці ініцыятывамі. Але гэта розныя накірункі грамадскай актыўнасці з рознымі задачамі. Што нармальна і дастаткова для апошніх, абсалютна не дастаткова, а то і не нармальна для першых.

Ператварэнне палітычнай апазіцыі ў “грамадскі сектар” (пакорлівая імітацыя ўдзелу ў “выбарах” не ў лік), занятак толькі “малымі справамі”, пошук яе лідарамі ласкі ў чыноўнікаў трэцяга ўзроўню – небяспечныя для маральнага здароўя і нават выжывання нацыі. Калі ніхто не змагаецца за свабоду, людзі забываюцца пра яе. Грамадства прыстасаванцаў на чале з архаічнай уладай не мае перспектывы.

Большасць людзей у нашай краіне персаніфікуе ідэі. Калі нейкую ідэю прасоўваюць слабыя, баязлівыя і занадта “гнуткія” палітыкі, то большасць адварочваецца ад гэтай ідэі. Каб быць для пратэстнай большасці народа альтэрнатывай уладзе, беларуская патрыятычная апазіцыя павінна дэманстраваць цвёрдасць у барацьбе супраць незаконнага рэжыму і за правы людзей. Асабліва зараз, калі гэтая большасць зноў шукае абаронцу сваіх правоў.

Акрамя патрыётаў, такім абаронцам многія бачаць таксама кіраўніка суседняй краіны. Таму дэманстрацыя слабасці і баязлівасці беларускай патрыятычнай апазіцыі ставіць пад пагрозу незалежнасць краіны.

З эфектыўных палітычных рычагоў уздзеяння на сітуацыю ў нас засталіся толькі вулічныя акцыі. Ад іх залежыць і дзейснасць астатніх – петыцый, міжнароднай падтрымкі і г.д. Такая сітуацыя вылучае вельмі высокія патрабаванні да персанальнай мужнасці палітычных апазіцыйных лідараў, іх гатоўнасці да самаахвяравання. Але ж ніхто не прымушаў іх прэтэндаваць на лідэрства ў сваіх партыях.

Памятаю, як пасля “зліцця” Плошчы-2006, у ноч пасля галасавання на прэзідэнтскіх выбарах, апазіцыю называлі ў народзе “блазнамі”. 

Плошча-2010 змяніла стаўленне. Але апазіцыйныя партыі з 2011 па 2015 год толькі імітавалі барацьбу, нават пабаяўшыся падтрымаць “маўклівыя акцыі” лета 2011-га.

За гэты час ў Беларусі ўдвая павялічылася колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. Самым папулярным палітыкам у нашай краіне стаў “круты” Уладзімір Пуцін. У выніку, колькасць беларусаў, якія паехалі ваяваць на Данбас за “рускі мір”, утрая перавысіла колькасць нашых суграмадзян, ваяваўшых на баку Ўкраіны. Нават некаторыя актывісты перайшлі з патрыятычных арганізацый у антынацыянальныя.

За апошнія годы патрыётам удалося вярнуць да сябе павагу грамадства. Год таму, па прыкладу патрыятычнай апазіцыі, людзі выйшлі на цэнтральныя плошчы ўсіх значных гарадоў краіны, каб бараніць свае правы. Яны выйшлі пад нацыянальныя сцягі і з нашымі лозунгамі. Пікам народных пратэстаў стаў, абыякавы да гэтага часу для большасці, Дзень Волі.

Пасля жорсткага разгону актыўнасць грамадства істотна знізілася. Але 80% па-ранейшаму жадаюць перамен і шукаюць сілы, якія вызваляць іх ад ненавіснага ім “перасідэнта”. Іх жыццё не зрабілася лягчэйшым. А ўлада прыдумвае ўсё новыя спосабы залезці да іх у кішэню. Таму яны сочаць за нашай дзейнасцю.

Калі ў Дзень Волі, у гадавіну падаўлення народнага выступу, патрыятычныя сілы будуць толькі весяліцца на канцэрце, куды нават не дазволяць пранесці ніводнага “неправільнага” лозунга, то нас зноў запішуць у блазны. І ў большасці застанецца надзея толькі на “русский мир”.

Вось адна з галоўных прычын, чаму, акрамя канцэрта, большасць аргкамітэта Дня Волі настойвае на годным шэсці, якое пачнецца з месца мінулагодняй расправы. І дзе не будзе цэнзуры на лозунгі, на выказванне крыўдаў і болю, назапашаных у значнай часткі нашага народа. Якой зараз не да канцэртаў.

Мікалай Статкевіч                                                3 сакавіка 2018 года

Фэйсбук