Гэты Дзень Волі запомніцца на гады
На пляцоўцы каля Опернага тэатру – 25 сакавіка павінен адбыцца святочны канцэрт, прысвечаны стагоддзю абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Чакаецца ўдзел амаль усіх жывых легендаў беларускай музыкі.
Лявон Вольскі, Дзецюкі, «Нейра Дзюбель«, «Крама»
Гэта толькі частка артыстаў, якія згадзіліся выступіць на знакавай для Беларусі падзеі. Арганізатары святочнага мітынгу і канцэрту праз краўдфандынг сабралі ўжо больш за Br 20 тыс.
«Пра карудфандынг я хачу сказаць, што гэта вельмі важна. Бо, па сутнасці, на гэтае свята трэба велізарныя грошы, якіх няма. А хочацца зрабіць не проста з нізкай якасцю – гукам, апаратурай і гэтак далей. Хочацца, каб гэтае свята запомнілася на гады. Каб мы праз дзесяцігоддзі помнілі гэты дзень», – зазначыў дырэктар «Арт Сядзібы« Алесь Снег.
За канцэрт выступае і Статкевіч
Але прыйсці на яго палітык хоча арганізаваным шэсцем. Сёння ён агучыў падрабязнасці акцыі 25-га сакавіка. Шэсце пройдзе пад назваю «Марш годнасці і волі», пачнецца а 12-ай гадзіне на Плошчы Якуба Коласа. Пасля пройдзе праспектам Незалежнасці, паверне да вуліцы Кісялёва і затым па вуліцы Багдановіча прыйдзе да Опернага тэатру. Калі ж шэсця не дазволяць, то Статкевіч абяцае павесці людзей ад плошчы Коласа проста па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.
«Мы не супрацьпастаўляем, як многія спрабуюць гэта зрабіць, шэсце і канцэрт. Гэта быў наш план – і шэсце, і канцэрт. Але людзі здолеюць выбіраць – нехта захоча прыйсці на шэсце, нехта на канцэрт. А нехта – і туды, і туды – гэта нармальна», – даводзіць Мікола Статкевіч.
У сваю чаргу арганізатары канцэрту каля Опернага тэатру спадзяюцца, што сёлета, у адрозненне ад мінулага года, Дзень Волі пройдзе мірна.
«Шмат людзей кажуць, што навошта верыць уладзе, няма ніякіх гарантыяў. Так, гэта факт, але мы бачым, што ўлада дазволіла і праявіла ініцыятыву паставіць шыльду на Валадарскага 9, дзе абвяшчалася БНР. І гэта ўсё вельмі важна, дзяржава робіць крокі і нам не трэба збягаць кудысьці, чакаць нейкіх афіцыйных папераў», – упэўнены Алесь Снег.
«Мы робім крокі насустрач, кампрамісныя крокі. Мы хочам паказаць, што мы хочам святам і не хочам ніякіх канфліктаў, сутыкненняў. І хай ужо ўлада сама выбірае, як яна будзе выглядаць перад народам, перад светам у сотую гадавіну нашай незалежнасці», – дадае Статкевіч.
Зрэшты, святкаванне стагоддзя абвяшчэння БНР стане вялікім выпрабаваннем для ўсіх: ці здолее грамадская супольнасць сапраўды годна адзначыць пераломную дату ў гісторыі Беларусі і ці змогуць улады прынамсі не сапсаваць вялікі юбілей.
Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum