Статкевіч: Святы Дня Волі заўсёды мелі элемент пратэстнасці
Беларускі апазіцыйны палітык выказаўся пра святкаванне 25 сакавіка.
Дадуць улады дазвол ці не дадуць, але шэсце на Дзень Волі ў цэнтры Менску сёлета адбудзецца ў кожным выпадку, цвердзяць удзельнікі часткі аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР, якія падалі сёння ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне акцыі. Пачатак шэсця пад назваю «Марш годнасці і свабоды» запланаваны на 12-ю гадзіну ад плошчы Якуба Коласа.
Абмяркоўваем гэта з беларускім палітыкам Міколам Статкевічам.
«На жаль, меншая частка аргкамітэту, 4 з 13 арганізацыяў, якія падпісалі першапачатковую заяўку, пайшлі на нейкія дамоўленасці (з уладамі). Яны падалі заяўку толькі на канцэрт, і гэта дазволіла ўладам адмовіць у супольнай заяўцы нашай. Я зараз усё больш пераконваюся: была б еднасць – мы б даціснулі. Было б і шэсце па праспекце Незалежнасці, і быў бы канцэрт. Але калі так ужо здарылася, ёсць ужо нармальнае прымальнае месца для канцэрту, будзе кавалкамі атрымоўваць. Будзем дамагацца шэсця», – адзначыў палітык.
Мікола Статкевіч пагаджаецца, што 25 сакавіка – гэта, безумоўна, свята. І распавядае, якія яно мае асаблівасці:
«Усе нашыя святы Дня Волі – гэта дзень свабоды і чалавечай волі, прагі да гэтай свабоды – заўсёды насілі ў сабе элемент пратэстнасці. Таму што людзі атрымоўвалі апошні шанец, магчыма, прыйсці і заявіць пра свае праблемы, пра тое, што нешта не так. Хаця арганізатары зараз рыхтуюць свята, але на шэсці людзі атрымаюць магчымасць, хто мае праблемы, заявіць пра іх. Я ездзіў на сустрэчу ўчора ў Баранавічы, была з актывам партыйным, дык маршруткі – вельмі зручныя, камфортныя. Я размаўляў з кіроўцамі гэтых маршрутак, яны проста ў жаху, кажуць, што не будзе, чым карміць дзяцей, некаторыя збіралі, у крэдыты лезлі на гэтую сваю адзіную маршрутку. А зараз, безумоўна, нейкая манаполія заплаціла адміністрацыі кіраўніка краіны, прыйдзе і кошты падыме – ім жа прыйдзецца адбіваць гэтыя ўсе хабары. Калі ласка, калі гэтыя людзі прыйдуць на шэсце са сваймі плакатамі, мы не будзем ім замінаць, дамо выказацца. На канцэрце, на жаль, такой магчымасці не будзе, бо там будзе кантроль, і гэта канцэрт».