Актуальна

Статкевіч: Нязломныя лідары і армянскі прыклад паламалі планы Лукашэнкі

Кіраўнік незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч прагназаваў, што падчас паслання Аляксандра Лукашэнкі да народу і парламента будзе абвешчана аб правядзенні рэферэндуму па павелічэнні прэзідэнцкага тэрміну з пяці да сямі гадоў. Аднак сам Лукашэнка сказаў, што «цяпер не час для рэферэндумаў». Мы папрасілі Мікалая Статкевіча пракаментаваць гэтыя словы кіраўніка краіны.

«Беларускі нацыянальны кангрэс атрымаў інфармацыю ад уладаў, у тым ліку, пра гэтыя планы. Спадар Лукашэнка заяўляў пра гэты рэфэндум, спадар Макей праз «Еўраньюс» папярэдзіў Еўрапейскі саюз нават. Вёўся зандаж гэтага пытання. На некаторых сайтах незалежных СМІ вяліся апытанні адносна рэферэндуму.

Мы зрабілі папярэджанне, каб гэтага не дапусціць. Мы папярэдзілі спадара Лукашэнку аб нашай жорсткай пазіцыі, што мы будзем падымаць народ. Я думаю, што аднаго нашага папярэджання было б мала. Каб было толькі яно, то рэферэндум быў бы ўжо абвешчаны. Але армянскі народ нам дапамог.

Абвяшчаць рэферэндум на наступны дзень пасля такога прыкладу, ды яшчэ ведаючы, што ёсць сіла, якая паказала, што здольная арганізаваць пратэст, што ёсць лідары, якіх немагчыма запалохаць, было б неразумным. Я думаю, што такія фактары, як лідары і армянскі прыклад, паламалі планы Лукашэнкі.

Я ўчора на тэлеканале «Белсат» зрабіў прагноз, што, хутчэй за ўсё, Лукашэнка адмовіцца ад свайго плану. Дзякуй Богу, што гэта адбылося. Мы выйгралі, не ўступаючы ў бойку, дзякуючы армянскаму народу. Я віншую ўсіх прыхільнікаў свабоды, віншую сваіх калег па радзе БНК. Мы не дазволілі пераўтварыць аўтарытарны рэжым ледзь не ў манархічны.

Улада мусіла адступіць, але я заклікаю не супакойвацца. Мы не ведаем, што здарыцца далей у Арменіі. Хуткіх цудоўных пераўтварэнняў у краінах не бывае. Калі людзі забудуцца, што было ў Арменіі, то гэтая тэма можна ўзнікнуць зноў».

Наша Ніва