Мікалай Статкевіч

Лідэр партыі "Народная Грамада"

Навіны

Першае спатканне

Сення, 1 чэрвеня, у магілёўскай турме №4 Мікалай Статкевіч сустрэўся з бацькам і жонкай. Гэта – адзіная кароткатэрміновая сустрэча за год, на якую мае права палітычны вязень турмы строгага рэжыма.

Двухгадзіннае спатканне адбывалася праз падвойнае шкло па тэлефоне. Па словах жонкі, Мікалай Статкевіч выглядае нармальна. «Канешне, ён схуднеў з твару, затое, здаецца, стаў нават шырэйшы у плячах, бо шмат займаецца спортам. Тая клетка (у прамым сэнсе слова), у якой ён знаходзіўся падчас сустрэчы, яўна яму “не па памеру”. Ён абсалютна не змяніўся псіхалагічна. Як заўсёды, бадзёры, упэўнены, спакойны. Шмат жартуе. Сказаў, што ў турме яму бракуе часу, бо шмат чытае, піша, вывучае ангельскую мову, займаецца спортам», – распавяла Марына Адамовіч.

Мікалай крыху расказаў пра ўмовы, у якіх ён знаходзіцца: камера выходзіць ва ўнутраны двор СІЗА, у сонечны дзень на столі на працягу хвілін сарака можна бачыць сонечныя праменьчыкі. Дворык жа для прагулак крыху большы за камеру і знаходзіцца акурат над ёй, на даху. Ён перакрыты густой сеткай, але ў добры дзень туды пранікае сонца, і Мікалай стараецца “гуляць” менавіта ў тым месцы, дзе сонечныя плямы.

“Пра харчаванне ён сказаў, што даўно адвык ад катэгорый “смачна-нясмачна”, але вельмі бракуе гародніны – яе проста няма. Узімку зняволеным дазволілі набываць “на атаварку” цыбулю, але такі дазвол Мікола з суседам атрымалі толькі ў красавіку, і здолелі набыць аж 22 кілаграмы”, – паведаміла далей жанчына.

“Мяне вельмі хвалюе, што з пачатку траўня ў турме, як і раней у сумна вядомай шклоўскай калоніі №17, пачаліся “пошукі недахопаў”. Нават не паклапаціліся, каб прыдумаць нешта навейшае, чым “парушэнне формы вопраткі”, – кажа жонка палітвязня. Яна паведаміла, што Мікалаю Статкевічу вынесена вымова, якую ён абскардзіў у пракуратуру. Марына Адамовіч мяркуе, што гэта зроблена, каб выключыць усялякую магчымасць перагляду рэжыму са строгага на звычайны, што, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, магло адбыцца 12 ліпеня. “Для мяне гэта вельмі важна, бо дало б магчымасць яшчэ раз пабачыць Мікалая. Цяпер жа ў мяне застаецца толькі адна бандэроль вагой да 2-х кілаграмаў – гэта ўсё, на што ён мае права за год: адно кароткае спатканне і адна бандэроль”, – сказала жанчына.

Мікалай Статкевіч параіў жонцы быць гатовай да любога развіцця сітуацыі. «Ён лічыць, што спадзявацца на амністыю – дурасць і пастка», – падкрэсліла Марына Адамовіч.

Яна паведаміла, што лісты да Статкевіча даходзяць рэдка, але, калі яны былі адпраўленыя заказным спосабам, то яму прыносяць пустыя канверты, і ён стараецца адпісаць адрасату. 

Марына Адамовіч таксама распавяла, што крыху атрымалася пагаварыць і аб палітычнай сітуацыі. «Ягоная пазіцыя не змянілася, яна засталася такой жа, якой была ў дасланых раней лістах. Па словах Мікалая, апазіцыя блытае байкот выбараў з няўдзелам у іх. Байкот мае мэтай афіцыйнае прызнанне выбараў не адбыўшыміся. У сённяшняй беларускай сітуацыі гэта немагчыма. Таму пры несамадастатковай эканоміцы ўвесь час трэба ставіць ўлады перад выбарам: пачынаць мяняцца (што немагчыма), ці працягваць брутальныя дзеянні, што непазбежна прывядзе да новых санкцый, а значыць – да памяньшэння так неабходных ім эканамічных уліванняў», – пераказала жонка Статкевіча.

Паводле яе словаў, Мікола Статкевіч раіў не баяцца «фракцыі генерала Зайцава», бо яна альбо хутка сябе дыскрэдытуе, альбо мусіць працаваць на дэмакратыю.

«Таксама ён прасіў перадаць сваім калегам і партнёрам, што ўхіляцца ад барацьбы нельга. Калі ж па нейкіх прычынах – ці з-за судзімасці, ці з-за адсутнасці людзей, ці рэсурсаў актыўна змагацца не атрымліваецца, то, калі ласка, хаця б не замінайце іншым» –. перадала словы Мікалая Статкевіча жонка.


Fatal error: Uncaught wfWAFStorageFileException: Unable to save temporary file for atomic writing. in /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php:34 Stack trace: #0 /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php(658): wfWAFStorageFile::atomicFilePutContents('/sites/statkevi...', '<?php exit('Acc...') #1 [internal function]: wfWAFStorageFile->saveConfig('livewaf') #2 {main} thrown in /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php on line 34