Навіны

ПАДРЫХТОЎШЧЫК "АНШЛЮСУ"

Ёсць людзі, якія прагнуць любымі сродкамі застацца ў гісторыі. Нават шляхам нейкіх разбурэнняў. Па-рознаму. Хто, як той Герастрат, велічны храм спаліць. А хто на сцяне такога храма надрапае іржавым цвіком: “Тут был Вася”.

Але яшчэ ніхто не знішчаў сваю нацыю, каб такім чынам застацца ў гісторыі. І вось такая істота знайшлася. Гэта былы прэзідэнт нашай краіны, які з ліпеня 1999 года займае прэзідэнтскую пасаду незаконна.

Невядома, чаму ён рашыўся на такое. Магчыма за тыя 150 мільярдаў, якія Масква цягам апошніх 20 гадоў дала на ўтрыманне ягонай улады і падрыхтоўку Беларусі да “аншлюсу”. Ці проста ад нянавісці да нашай нацыі. Хутчэй, з-за ўсяго разам. Але вынік здрады ўжо відавочны.

Лепш за ўсё яго можна ўбачыць на графіках навучання на беларускай і рускай мовах, узятых з газеты “Новы час”. Некоторыя з іх нагадваюць крыж. Крыж, на якім укрыжавана душа і аснова беларускай нацыі – наша мова.

Дзякуючы намаганням здрадніка, упершыню выраслі цэлыя пакаленні беларусаў, якія нават не разумеюць мовы сваёй нацыі, сваіх продкаў. Сітуацыя робіцца незваротнай.

Так, апошнія некалькі год за мову больш не арыштоўваюць на вуліцах. Бо чорная справа ўжо зроблена. Тыя некалькі соцен энтузіястаў, якім нарэшце дазволілі наведваць курсы мовы, ужо не ў стане яе ўратаваць. У Беларусі больш не засталося значных беларускамоўных асяродкаў, дзе наша мова магла б жыць.

Былы прэзідэнт вядомы правалам усіх сваіх праектаў. Як ідэялагічных, так і эканамічных. Але ў адным ён стаў паспяховым. 20 гадоў яго настойлівай і мэтанакіраванай працы па знішчэнні беларускай мовы дасягнулі сваёй мэты. А за мовай непазбежна прыходзіць чарга нацыі.

Відаць нездарма замест 700-гадовага герба “Пагоня” і прыгожага сцяга яго колераў здраднік навязаў краіне “дзяржаўную” сімволіку з пахавальным узорам. Вельмі сімвалічны крок – ён нас ужо пахаваў.

Лукашэнка, віншую цябе. Цяпер месца ў гісторыі табе гарантавана. Як магільшчыка тысячагадовай беларускай мовы і нашай нацыі.

Вось толькі не ведаю, ці надоўга ты застанешся ў той гісторыі. Бо, як некалі казаў Чэрчыль, мова разам з нацыянальнай гісторыяй – гэта асноўныя гаранты дзяржаўнай незалежнасці.

Пасля канчатковай страты сваёй мовы цалкам залежная ад Масквы Беларусь не здолее доўга супрацьстаяць добра падрыхтаванаму здраднікам “аншлюсу”. А інкарпарацыя ў склад Расіі прывядзе да знікнення беларускай нацыі.

Калі ж нацыя знікае, то ў нябыт сыходзіць і гістарычная памяць пра яе. У тым ліку – памяць пра здраднікаў, віноўных у нацыянальнай катастрофе.

Каб усё гэта не спраўдзілася, каб Беларусь выжыла, неабходна прыбраць ад улады яе магільшчыка. А потым паступова, але няўхільна пачаць вучыць новыя пакаленні нашай мове.

Не трэба забываць іншыя мовы. Трэба вярнуць сваю. Тады Беларусь будзе жыць.

Мікола Статкевічfacebook.com