Дыяментавы юбілей каралевы
60 гадоў пры ўладзе і папулярнасць 80 %. Бадай, адзіны палітык у свеце, хто можа гэтым пахваліцца… каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт ІІ. Найстарэйшая манархіня за ўсю гісторыю Брытанскай імперыі. Урачыстасці з нагоды “дыяментавага” юбілею заняцця пасаду распачаліся сёння ў Лондане. У літаральным значэнні – з каралеўскім размахам.
Да святкавання 60-годдзя кіравання Элізабэт ІІ рыхтаваўся ледзь не ўвесь Лондан. Перад Бакінгэмскім палацам – рэпетыцыі, а ў горадзе – ажыятаж на ўсё, што хоць неяк можа нагадваць пра каралеву. Ад каралеўскіх ваенна-марскіх сілаў – 21-гарматны салют. Менавіта столькі караблёў спусцілі на ваду за час ейнага кіравання.
ІЯН КЛАРК, КАМАНДУЮЧЫ ЦЫРЫМОНІЯЙ:
“Гэта самы ганаровы гарматны салют, якім ушаноўваюць кіраўніка дзяржавы. Для нас гэта адзіны спосаб выказаць павагаю да яе каралеўскай міласці на ейны дыяментавы юбілей”.
Цягам 4 дзён па ўсёй краіне пройдзе безліч конкурсаў, канцэртаў і фестываляў. Бюджэт свята – больш за 800 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Кульмінацыяй першага дня святкаванняў стаўся візіт Элізабэт ІІ на знакамітае Эпсамскае дэрбі, якое сёння сабрала 150 тысяч наведнікаў. Назаўтра ж каралева плануе праплыць па Тэмзе ў суправаджэнні флатыліі з тысячы караблёў.
ЭДРЫЯН ЭВАНЗ, АРГАНІЗАТАР КОНКУРСУ:
“Кожны човен мае, што распавесці. Шмат хто прайшоў вялікі шлях, каб дабрацца да Лондану. Гэта проста надзвычайны конкурс з нагоды ўрачыстасцяў. Калі хочаце, фестываль”.
Нават у часе афіцыйных урачыстасцяў каралева звычайна аддае перавагу тыярам і дыядэмам. Адзін з галоўных атрыбутаў каралеўскай улады – карону імперыі Вялікай Брытаніі, якая мае 2868 дыяментаў, – каралева надзявае толькі раз на год падчас цырымоніі адкрыцця парламенту. Але і такой яе міласць бачылі некалькі пакаленняў падданых. Элізабэт Другая заняла пасад, калі ёй было 25 гадоў, а прэм’ерам быў яшчэ Ўінстан Чэрчыль.
ЭЛІЗАБЭТ ДРУГАЯ, КАРАЛЕВА ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:
“Абяцаю, што ўсё маё жыццё, няхай доўгае альбо кароткае, я прысвячу служэнню вам і нашай вялікай імператарскай сям\’і, да якой мы належым”.
Паводле апытанняў, за апошнія гады манархія ў Вялікай Брытаніі дасягнула максімальнае папулярнасці. 80 % жыхароў выказваюцца за тое, каб каралева і ейныя нашчадкі па-ранейшаму заставаліся хай і фармальнымі, але кіраўнікамі краіны.