Беларускі Нацыянальны Кангрэс

АДСТАІМ СВАЁ ПРАВА НА ВЫБАР!

Мы заяўляем, што будзем адстойваць права людзей галасаваць на выбарах за тых лідараў, якім яны давяраюць. Без папярэдняй уладнай цэнзуры спіса кандыдатаў. Мы таксама будзем бараніць канстытуцыйнае права незаконна рэпрэсаваных палітыкаў быць выбранымі.

Каб дамагчыся сапраўдных выбараў і перамагчы, трэба спачатку адстаяць сваё права галасаваць за сапраўдных лідараў перамен.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу канстатуе, што правячы рэжым узмацняе ціск на лідараў БНК.

Па сфабрыкаванай справе асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі кіраўнік эканамічнай камісіі Рады БНК Генадзь Фядыніч.

Відавочная спроба фабрыкацыі крымінальнай справы ў дачыненні да старшыні інфармацыйнай камісіі Яўгена Афнагеля.

Пасля шэрагу адміністрацыйных арыштаў крымінальным пераследам пагражаюць старшыні праграмнай камісіі Уладзіміру Някляеву.

Старшыня арганізацыйнай камісіі Рады БНК Мікалай Статкевіч па вызваленні з 5-гадовага зняволення займеў 8 год “судзімасці” з пагрозай новай крымінальнай справы за “парушэнні рэжыма нагляду”.

Непагашаную судзімасць мае таксама старшыня міжнароднай камісіі Андрэй Саннікаў, які змушаны быў пакінуць краіну пасля наўпроставых пагроз дыктатара.

Крымінальны пераслед наўпрост звязаны з маючымі адбыцца прэзідэнцкімі «выбарамі». Мэта: не даць магчымасці лідарам БНК, здольным арганізаваць супрацьдзеянне фальсіфікацыям, узяць удзел у выбарчай кампаніі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Рэжым выкарыстоўвае незаконныя “судзімасці” сваіх апанентаў, каб абмежаваць іх у выбарчых правах, хаця Канстытуцыя не прызнае такога абмяжавання.

Кіраўнік рэжыма ўжо выказаў сваё жаданне “…правесці выбары так, каб нават думкі пра альтэрнатыву не ўзнікала”.

Менавіта дзеля гэтага ён праводзіць папярэднюю зачыстку сваіх рэальных супернікаў, каб пакінуць у выбарчых бюлетэнях толькі фіктыўных канкурэнтаў. Як гэта было на “выбарах” 2015 года.

Яго ўжо не задавальняе проста фальсіфікацыя вынікаў “выбараў”, ён пачаў фабрыкаваць змест выбарчага бюлетэня, пазбаўляючы людзей сапраўднага выбару.

Мы заяўляем, што будзем адстойваць права людзей галасаваць на выбарах за тых лідараў, якім яны давяраюць. Без папярэдняй уладнай цэнзуры спіса кандыдатаў. Мы таксама будзем бараніць канстытуцыйнае права незаконна рэпрэсаваных палітыкаў быць выбранымі.

Каб дамагчыся сапраўдных выбараў і перамагчы, трэба спачатку адстаяць сваё права галасаваць за сапраўдных лідараў перамен.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса
20.12.2018, г.Мінск

www.bnknews.org