Мікалай Статкевіч патлумачыў, чаму ідзе ў прэзідэнты
Выбары прэзідэнта Беларусі павінны прайсці не пазней за жнівень 2020 года.
Былы палітвязень Мікола Статкевіч абраны кандыдатам на пасаду прэзідэнта ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.
У кароткім каментары для «Радыё Свабода» ён патлумачыў, навошта збіраецца браць удзел у выбарчай кампаніі, калі раней неаднаразова крытыкаваў адсутнасць дэмакратычных выбараў у Беларусі.
«Мы вызначылі выкарыстаць легальныя магчымасці выбарчай кампаніі і палітызацыю грамадства для барацьбы за сапраўдныя выбары, за правы людзей і супраць пагрозы незалежнасці», – пракаментаваў свой удзел у кампаніі Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, што 17 студзеня Беларускі Нацыянальны Кангрэс вылучыў Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты.
У Раду Беларускага нацыянальнага кангрэса ўваходзяць прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), незалежнага прафзвязу РЭП, кампаніі «Еўрапейская Беларусь», руху салідарнасці «Разам», аргкамітэта партыі «Беларускi Рух», руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзіміра Някляева, а таксама кіраўнікі 14 рэгіянальных дэмакратычных кааліцый.
Згодна з заканадаўствам, выбары прэзідэнта павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года.