Выбары

Як і навошта фальсыфікаваць выбары там, дзе і так усё ясна

Каб сфальсыфікаваць выбары, палітыкі калісьці ўжывалі жорсткую сілу супраць электарату, запалохвалі яго, дакідалі бюлетэні ў скрыні або, наадварот, палілі. Але ўсё гэта ўчорашні дзень. Сёньня выбарамі маніпулююць танчэй, у тым ліку і ў дэмакратычных краінах.

Польскі аналітык і выкладчык Унівэрсытэту Vistula Пётар Касьціньскі напісаў пра гэта кнігу «Як сфальсыфікаваць выбары». Дапамог яму ў гэтым і досьвед Беларусі, які аўтар называе «асаблівым».

Больш за 20 гадоў Касьціньскі быў журналістам газэты Rzeczpospolita, у якой адказваў за рэгіён Усходняй Эўропы, у тым ліку і за беларускую тэматыку. Акрамя беларускага досьведу фальсыфікацыі выбараў, аўтар аналізуе ўплыў на вынік галасаваньня ў Вялікай Брытаніі, Канадзе, Украіне і нават роднай Польшчы. Пра высновы дасьледаваньня Пётр Касьціньскі распавёў у інтэрвію Свабодзе.

Адкуль узялася фальсыфікацыя выбараў

— Фальсыфікацыя выбараў — у натуры людзей, а асабліва палітыкаў. Калі можна неяк лёгка выйграць выбары, то многія і спрабуюць іх выйграць лёгка. Гэта спакуса, якой слабыя палітыкі ня ў стане супраціўляцца. І прасьцей гэта рабіць у тых краінах, дзе дэмакратычныя традыцыі слабейшыя. Дзе канкрэтна прасьцей — гэта адлюстроўвае Індэкс дэмакратыі.

Калі пачалі фальсыфікаваць выбары?

— Выбары фальсыфікавалі заўсёды. Як толькі пачалі ладзіць галасаваньне, то нейкія сілы заўсёды спрабавалі ўплываць на іх вынік. Мы ганарымся шляхоцкай дэмакратыяй у Рэчы Паспалітай. Тая дэмакратыя датычыла толькі шляхты, але яна складала каля 10% насельніцтва, гэта нямала. У тыя ж часы ў многіх краінах панавалі таталітарныя сыстэмы, абсалютныя манархіі, а калі шляхта там і мела ўплыў, то яе працэнт быў значна меншым. Але сам факт існаваньня дэмакратыі ў Рэчы Паспалітай ня значыць, што яна дзейнічала добра. Магнаты, багатыя людзі, якіх бы сёньня мы назвалі алігархіяй, уплывалі на выбарчы працэс. Яны проста куплялі галасы ў зьбяднелай шляхты. Шляхцічы хаця і насілі слуцкія паясы і корды, але былі зьбяднелымі. Яны былі гатовыя прадаваць свае галасы за невялікія сумы.

Выбары фальсыфікавалі і на Захадзе

— Галасы куплялі і ў XIX ст, напрыклад, у Вялікай Брытаніі, у ЗША, у іншых краінах. Мы прызвычаіліся глядзець на гэтыя краіны як на ўзоры дэмакратыі. Але і ў Канадзе, напрыклад, былі спробы паўплываць на вынік выбараў абсалютна нелегальным чынам. У Вялікай Брытаніі былі выпадкі, калі прыхільнікі адной палітычнай сілы наўмысна спойвалі ў пабах апанэнтаў, каб тыя не змаглі прагаласаваць. І іх так трымалі ў тых пабах да закрыцьця ўчасткаў.

Маніпуляцыі здараюцца і ва ўзорных дэмакратыях. Нават сёньня

— Нават у дэмакратыях, дзе сыстэма працуе як гадзіньнік ужо шмат гадоў, могуць бываць вельмі непрыемныя сытуацыі. Ёсьць цалкам легальныя спробы ўплываць на вынік выбараў, напрыклад, такое паняцьце, як gerrymandering. Гэта абсалютна легальная нарэзка выбарчых акругаў, згодная з законам, але з мэтаю выйграць выбары. Калі мы ведаем, дзе жывуць прыхільнікі нейкай палітычнай сілы, асабліва ў краінах з дзьвюхпартыйнай сыстэмай, то можам так нарэзаць акругі, што там няцяжка будзе перамагчы. У Польшчы, напрыклад, некалькі гадоў таму быў прыдуманы такі выбарчы бюлетэнь, што выбарнікі не маглі разабрацца, як і што трэба зь ім рабіць. У выніку было мноства памылак.

Чаму Лукашэнка любіць «элегантныя перамогі»

— Беларусь — асаблівы выпадак. Гэта аўтарытарная краіна са слабой дэмакратычнай традыцыяй. Дэмакратычную традыцыю Вялікага Княства Літоўскага ніхто ня памятае, гэта было даўно. Парадкі міжваеннай Польшчы распаўсюджваліся толькі на заходнюю Беларусь, але і там дэмакратычная сыстэма была не такой ужо эфэктыўнай, ды і нядоўгай. Людзі ў Беларусі проста не прызвычаіліся функцыянаваць у дэмакратычнай краіне. А выбарчая сыстэма там пабудаваная так, што ўвесь працэс кантралюе ўлада. Гэта дае магчымасьць уладам заплянаваць нейкі вынік і падаць яго пасьля закрыцьця ўчасткаў. Магчыма, што Лукашэнка выгуляў бы выбары і без фальсыфікацыі, зь невялікай перавагай, але натура аўтарытарных кіраўнікоў паўсюль такая, што яны хочуць паказаць вялікі адрыў ад канкурэнтаў.

Як адбываюцца выбары ў самай несвабоднай краіне сьвету

— Людзі ходзяць на выбары нават у Паўночнай Карэі. Больш за тое, там існуе нават шматпартыйная сыстэма. Апрача Партыі працы, ёсьць яшчэ сацыял-дэмакратычная партыя, Партыя маладых сяброў рэлігіі Нябеснага шляху, але яны дзейнічаюць як хаўрусьніцкія партыі карэйскага лідэра. У Паўночнай Карэі яўка складае 100%. На ўчастку стаяць дзьве скрыні. Адна — за, а другая — супраць. Вядома, усе галасуюць «за», бо галасаваньне «супраць» пагражае вельмі страшнымі наступствамі. Напрыклад, працоўным лягерам або звальненьнем з працы.

Навошта фальсыфікаваць выбары там, дзе і так усё ясна

— Для легітымізацыі, дзеля перакананьня грамадзтва. Так, яны гоняць на выбары, але потым кажуць: ну вось, бачыце, усе прагаласавалі за нас. Апрача таго, выбары нават у недэмакратычных краінах — добры інструмэнт пачысьціць уласныя шэрагі, правесьці нейкія зьмены. Памяняць міністраў, дэпутатаў.

Як навучыць людзей дэмакратыі

— Толькі праз адукацыю. Пачынаць тлумачыць, як працуе дэмакратыя, трэба са школы. Трэба апавядаць, што такое выбары і навошта яны патрэбныя. Затым неабходна ствараць мэханізмы ў законе, каб магчымасьцяў маніпуляваць выбарамі было як мага менш. Неабходныя інструмэнты. І гаворка ня толькі аб празрыстых скрынях. У кожнай камісіі павінны быць прадстаўнікі розных кандыдатаў, мае адбывацца супольны падлік галасоў. У Беларусі заўсёды шмат плякатаў пра дату выбараў, але амаль няма плякатаў кандыдатаў.

Дэмакратыі патрэбныя адказныя людзі. Нават калі камусьці ўдасца сфальсыфікаваць выбары ў нейкай вёсцы, то ў маштабе дзяржавы гэта амаль немагчыма пры наяўнасьці адказных людзей. Перад выбарамі павінна быць свабодная кампанія, дыскусія, роўныя ўмовы. Пракуратура, сьледчыя, міліцыя — маюць быць незалежнымі ад улады. Толькі тады яны могуць прыйсьці і спакойна арыштаваць фальсыфікатара. Але дзеля гэтага грамадзтва павінна быць сьвядомае. Дэмакратыя такая, якое і грамадзтва.

Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода