Актуальна

«Гэта мы, беларусы, ратуем Эўропу». І яшчэ 7 цытатаў з сустрэчы з Саньнікавым у Празе

У бібліятэцы імя Вацлава Гаўла ў сталіцы Чэхіі былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў прэзэнтаваў чэскі пераклад сваёй кнігі «Мая гісторыя». Ён напісаў яе пасьля эміграцыі зь Беларусі ў 2012 годзе.

На сустрэчу былы кандыдат у прэзыдэнты прыйшоў разам з жонкай Ірынай Халіп і сынам Данілам. У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел больш за паўсотні чалавек, сярод якіх былі чэскі пісьменьнік Яхім Топал і былы паплечнік Гаўла, драматург Рэнэ Лявінскі.

  
Враціслаў Брабэнэц і Ірына Халіп

Враціслаў Брабэнэц і Ірына Халіп

Адкрываў імпрэзу былы дысыдэнт, падпісант «Хартыі’77» і музыка легендарнага чэскага гурту «Plastic People of the Universe» Враціслаў Брабэнэц. На пачатку і ў канцы прэзэнтацыі ён выканаў сола імправізацыю на саксафоне.

 
Свабода сабрала некаторыя цытаты Андрэя Саньнікава з выступленьня ў Празе.

«Я падтрымліваю Статкевіча»

«Мікалая Статкевіча вылучыў Беларускі нацыянальны кангрэс, куды ўваходзіць і „Эўрапейская Беларусь“. Я падтрымліваю кандыдатуру Статкевіча. Ёсьць пэўны момант зь яго судзімасьцю, але Статкевіч кажа, што такой перашкоды няма ў Канстытуцыі, а абмежаваньне — гэта не закон, а дыктатарскае правіла. Таму мы будзем настойваць на рэабілітацыі палітвязьняў, якую рэжым Лукашэнкі абяцаў Эўропе, каб тая зьняла санкцыі. ЭЗ ня выканаў сваіх абавязаньняў і адмяніў санкцыі без выкананьня тых умоваў, якія яны высоўвалі рэжыму. Таму гэта будзе і кампанія за рэабілітацыю ўсіх палітвязьняў».

«У 2010 годзе мы перамаглі»

«У 2010 годзе мы перамаглі. Але тады не хапіла разуменьня ў нашых дэмакратычных партнэраў, якія бачылі толькі Лукашэнку. Спрацавала лукашэнкаўская прапаганда, і яны ў выніку казалі, што ён пераможа. Але ён не перамог. Назіральнікі, як міжнародныя, так і нашыя, былі запалоханыя. Я дагэтуль сутыкаюся са сьведчаньнямі, што Лукашэнка не перамагаў. Перамагала апазыцыя. А гэта знак, што мусіў быць другі тур. А што адбываецца, калі ў дыктатарскіх рэжымах праходзіць другі тур, мы ведаем. Гэта нават не перамога, а зьнішчэньне дыктатуры. І толькі ў мяне такіх сьведчаньняў каля 50, з пратаколамі і галасамі сьведкаў.

«Ва ўладзе былі гатовыя размаўляць пра сумленныя выбары»

«Мы тады ня ставілі ўмоваў, што Лукашэнка мае імгненна сысьці. Мы былі гатовыя пачынаць перамовы пра сумленныя парлямэнцкія выбары, каб былі адчыненыя пэўныя каналы, каб пачало адбывацца ратаваньне краіны. Я ўпэўнены, што апазыцыя на іх перамагла б. Дыктатары разумеюць, што апазыцыя лепш падрыхтаваная да сумленных выбараў».

«Някляева проста паляпалі па плячах»

«Захад у 2010 годзе не падтрымліваў дэмакратычныя сілы. Прыяжджалі Сікорскі і Вэстэрвэле, прапаноўвалі грошы Лукашэнку. Якая гэта падтрымка апазыцыі? Някляева Сікорскі проста паляпаў па плячы і сказаў, што ты, маўляў, малайчына, але мы будзем працаваць з Лукашэнкам.

«Захад не падтрымлівае апазыцыю і сёньня»

«Дыктатарскі рэжым Лукашэнкі — гэта небясьпека для рэгіёну, для Эўропы. Каб спыніць Пуціна, трэба спыніць дыктатарскі рэжым у Беларусі. Памылка Захаду ў тым, што яны не зьвярталі ўвагу на Лукашэнку, які стварыў лябараторыю рэжымаў, у тым ліку і для Пуціна.

«Апазыцыя амаль зьнішчаная»

«Апазыцыя амаль што зьнішчаная. Распаўсюджваецца шмат фэйкаў. Але я не хачу нікога абвінавачваць. Гэта працягваецца 25 гадоў, а правіла дыктатуры: кожны цэнтар мае быць інфільтраваны. Цяпер справа не за лідэрамі, а за грамадзтвам. За тымі людзьмі, якія выходзілі падчас пратэстаў „дармаедаў“. За тымі, хто сапраўды так ня можа жыць, хто хвалюецца за дзяцей. Яшчэ ніколі так востра не стаяла пытаньне, што дэмакратыя і незалежнасьць — гэта тое самае. Гэты рэжым ніколі не ўратуе незалежнасьць Беларусі».

«Гэта мы ратуем Эўропу»

«Паглядзіце, што адбываецца сёньня ў Эўропе. Гэта мы яе сёньня ратуем. Тое, што людзі выходзяць і б’юцца за каштоўнасьці, гэта барацьба за эўрапейскія каштоўнасьці. А што адбываецца ў гэты час у Эўропе? Усё больш палітыкаў заклікаюць сябраваць з Пуціным. Захад не вытрымлівае прынцыповую пазыцыю, а мы вытрымліваем. Шмат што залежыць ад Украіны. А Захад не падтрымлівае. А гэта ўсё выклік іх бясьпецы. Здаецца, калі тлумачыш гэта асабіста эўрапейскім палітыкам, яны пагаджаюцца. А робяць потым зусім іншае».

«Масква ня дасьць Лукашэнку грошай»

«У Лукашэнкі ня будзе лёгкага жыцьця. Масква ня дасьць яму грошай на пераабраньне. Масква скарыстае гэта, каб націснуць яшчэ мацней і атрымаць маёмасьць. Захад даваць грошы не гатовы. Ёсьць там карысныя ідыёты, якія над гэтым працуюць, але пакуль, на шчасьце, гэтых грошай няма». 

Дзьмітры Гурневіч  Радыё Свабода